Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/105

Гэта старонка не была вычытаная

Паміж тымі, якія рашылі ісьці сьледам за татарамі, быў Чараваты, добры стары казак, Пакаціполе, Леміш, Пракаповіч Хама. Дзямід Паповіч таксама перайшоў туды, таму што быў моцна заўзятага нораву казак, ня мог доўга высядзець на месцы: з ляхамі папрабаваў ужо ён справы, хацелася папрабаваць яшчэ і з татарамі. Курэнныя былі: Насьцюган, Пакрышка, Невялічкі, і шмат яшчэ іншых слаўных і адважных казакоў захацела папрабаваць меча і магутнага пляча ў схопе з татарынам. Ня мала было таксама моцна і моцна добрых казакоў паміж тымі, якія захацелі застацца: курэнныя Дзямітровіч, Кукубенка, Вярціхвост, Балабан, Бульбенка Астап. Пасьля было шмат яшчэ іншых імянітых і здаравяцкіх казакоў: Ваўтузенка, Чаравычэнка, Сьцяпан Гуска, Ахрым Гуска, Мікола Густы, Задарожны, Мяцеліца, Іван Закруцігуба, Мосій Шыла, Дзегцярэнка, Сідарэнка, Пісарэнка, пасьля другі Пісарэнка, пасьля яшчэ Пісарэнка, і шмат было іншых добрых казакоў. Усе яны былі хаджалыя, яжджалыя: хадзілі па анатольскіх берагох, па крымскіх саланчакох і сьцяпох, па ўсіх рэчках вялікіх і малых, якія ўпадалі ў Дняпро, па ўсіх заходах і дняпроўскіх астравох: бывалі ў малдаўскай, валоскай, у турэцкай зямлі; зьезьдзілі ўсё Чорнае мора двухкіруннымі казацкімі чаўнамі, нападалі ў пяцьдзесят чаўноў у рад на найбагацейшыя і высачэнныя караблі; патапілі ня мала турэцкіх галераў і шмат-шмат выстралялі пораху на сваім вяку. Няраз дралі на ганучы павалокі і аксаміты; няраз чарашы каля нагавічных ачкуроў набівалі ўсе чыстымі цэхінамі. А колькі кожны з іх прапіў і прагуляў дабра, хапіўшага-б другому на ўсё жыцьцё, таго і зьлічыць нельга. Усё спусьцілі паказацку, частуючы ўвесь сьвет і наймаючы музыку, каб ўсё весялілася, што толькі ёсьць на сьвеце. Яшчэ і цяпер у рэдкага з іх ня было закопанага дабра: кубкаў, сярэбраных каўшоў і бранзалетаў пад чаратамі на дняпроўскіх