Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/109

Гэта старонка не была вычытаная

— Я частую вас, паны-браты! (гэтак сказаў Бульба) ня ў чэсьць таго, што вы зрабілі мяне сваім атаманам, як ні вялікая падобная чэсьць, ня ў чэсьць таксама разьвітаньня з нашымі таварышамі, не, у іншы час прыстойна тое и гэтае; ня гэткая цяпер перад намі мінута. Перад намі справа вялікага поту, вялікай казацкай славы! І вось, вып’ем, таварышы, разам, вып’ем наперад за ўсё за сьвятую праваслаўную веру, каб прыйшоў, нарэшце, гэткі час, каб па ўсім сьвеце разыйшлася і ўсюды была адна сьвятая вера, і ўсе, колькі ні ёсьць басурманаў, каб усе зрабіліся хрысьціянамі! Ды за адным ужо разам вып’ем і за Сечу, каб доўга яна стаяла на пагібель усяму басурманству, каб з кожным годам выходзілі з яе малайцы, адзін за аднаго лепшыя, адзін за аднаго харашэйшыя. Ды ўжо разам вып’ем і за нашу ўласную славу, каб сказалі ўнукі і сыны тых унукаў, што былі калісь гэткія, якія не пасаромілі таварыства і ня выдалі сваіх. Дык за веру, панове-братове, за веру!

— За веру! — загаманілі ўсе, стаяўшыя ў бліжэйшых радох, густымі галасамі. — За веру! — падхапілі далейшыя — і ўсё, што толькі было, і старое, і маладое, выпіла за веру.

— За Січ! — сказаў Тарас і высока падняў над галавою руку.

— За Січ! — аддалося густа ў пярэдніх радох. — За Січ! — сказалі ціха старыя, міргнуўшы сівым вусам; і, страпянуўшыся, як маладыя сакалы, паўтарылі маладыя: — За Січ! І чула далёка поле, як паміналі казакі сваю Сечу.

— Цяпер апошнюю каплю, таварышы, за славу і ўсіх хрысьціян, якія жывуць на сьвеце!

І ўсе казакі, да апошняга, выпілі апошнюю каплю за славу і ўсіх хрысьціян, якія толькі ёсьць на сьвеце. І доўга яшчэ паўтаралася па ўсіх радох паміж усімі курэнямі: — За ўсіх хрысьціян, якія толькі ёсьць на сьвеце!