Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/119

Гэта старонка не была вычытаная

— Ёсьць яшчэ, бацька, порах у парахоўніцах; яшчэ моцная казацкая сіла; яшчэ ня гнуцца казакі!

А ўжо ўпаў з воза Баўдзюг. Проста пад самае сэрца прыйшлася яму куля; але сабраў стары ўвесь дух свой і сказаў:

— Не шкада расстацца з сьветам. Дай Божа і кожнаму гэткае сьмерці! Хай-жа славіцца да канца веку руская зямля! І паляцела да вышыняў Баўдзюгова душа расказаць даўно адыйшоўшым старцам, як умеюць біцца на рускай зямлі і, яшчэ лепш за гэта, як умеюць паміраць у ёй за сьвятую веру.

Балабан, курэнны атаман, хутка пасьля гэтага таксама зваліўся на зямлю. Тры сьмяротныя раны дасталіся яму: ад дзіды, ад кулі і ад цяжкага палашу. А быў адным з найслаўнейшых казакоў; шмат адбыў ён пад сваім атаманствам марскіх паходаў, але найслаўнейшы за ўсе быў паход да анатольскіх берагоў. Шмат набралі яны тады цэхінаў, дарагое турэцкае габы, кіндзякоў і розных вопратак, але мыкнулі гора на паваротным шляху: папаліся, небаракі, пад турэцкія гарматы. Як хапіла іх з карабля, — палавіна чаўноў закруцілася і перакулілася, патапіўшы не аднаго ў ваду; але прывязаныя да бакоў чараты выратавалі ад патапленьня. Балабан адплыў на ўсіх вёслах, стаў проста проці сонца і праз гэта зрабіўся нявідным для турэцкага карабля. Усю ноч пасьля чарпакамі і шапкамі вылівалі яны ваду, латаючы прабітыя месцы; з казацкіх нагавіцаў нарэзалі парусоў, паляцелі і ўцяклі ад найбыстрэйшага турэцкага карабля. І мала таго, што прыбылі бязьбедна на Сечу, а прывязьлі яшчэ і золатам шытую рызу архімандрыту Межыгорскага кіеўскага манастыра і на Пакроў, што на Запарожжы, абклад з чыстага серабра. І славілі доўга пасьля бандурыстыя ўдачлівасьць казакоў. Схіліў ён цяпер галаву, пачуўшы перадсьмяротныя мукі, і ціха сказаў: — Здаецца — браты, што паміраю добраю сьмерцю: сямёх пакрышыў, дзевяцёх дзідаю спароў, стаптаў