Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/128

Гэта старонка не была вычытаная

дарэмна барадатыя, сівыя бандурыстыя, праходзячы па два і па тры, расслаўлялі яго казацкія подзьвігі — строга і спакойна пазіраў ён на ўсё, і на нярухомым твары яго выступала незгасальнае гора, і ціха, спусьціўшы галаву, казаў ён: — „Сыне мой! Астапе мой!“

Запарожцы зьбіраліся на марскую экспэдыцыю. Дзьвесьце чаўноў спушчана было ў Дняпро! Малая Азія бачыла іх, з голенымі галовамі і доўгімі чубамі, аддаваўшымі мечу і агню цьвітучыя берагі яе; бачыла чалмы сваіх магамэтанскіх жыхароў параскіданымі, падобна да яе непалічаных колераў, па змочаных крывёю палёх і плаваўшымі каля берагоў. Яна бачыла нямала запэцканых дзёгцем запарожаскіх шаравараў, мускулістых рук з чорнымі бізунамі. Запарожцы паелі і паламалі ўвесь вінаград, у мэчэтах пакінулі цэлыя кучы гною, пэрсідзкія дарагія шалі ўжывалі замест ачкуроў і апяразвалі імі запэцканыя сьвіткі. Доўга яшчэ пасьля знаходзілі ў тых месцах запарожаскія люлькі. Яны весела ехалі назад, а за імі пёрся дзесяцёхгарматны турэцкі карабель і сальваю з усіх гарматаў сваіх разагнаў, як птушкі, вутлыя іхнія чаўны. Трэцяя часьць іх затанула ў марскіх глыбінях, але рэшта ізноў сабраліся разам і прыбылі да ўпаду Дняпра з дванаццацьма барэлкамі, набітымі цэхінамі. Але ўсё гэта ўжо не займала Тараса. Ён ішоў на сенажаці і сьцяпы, як быццам на паляваньне, але набой яго заставаўся нявыстраленым. І, паклаўшы стрэльбу, поўны тугі, сядаў ён на марскі бераг. Доўга сядзеў ён там, спусьціўшы галаву і ўсё кажучы: — „Астап мой! Астап мой!“ Перад ім блішчала і распасьціралася Чорнае мора; у далёкім чараце крычала чайка, белы вус яго серабрэў, і сьляза капала адна за аднэю.

І ня вытрымаў, нарэшце, Тарас: — „Што-б ні было, а пайду разьведаць, што ён? у магіле? ці ўжо і ў самай магіле няма яго? Разьведаю,