Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/131

Гэта старонка не была вычытаная

казаў ён, пакручваючы адзін чырвонец у руках і прабуючы на зубох. — Я думаю, што той чалавек, у якога пан адабраў гэткія добрыя чырвонцы, і гадзіны не пражыў на сьвеце: пайшоў зараз-жа ў рэку дый утапіўся там пасьля гэткіх слаўных чырвонцаў.

— Я не прасіў-бы цябе. Я можа й сам знайшоў-бы дарогу ў Варшаву; але мяне могуць як-нібудзь нагнаць і захапіць праклятыя ляхі, бо я-ж няспрытны на выдумкі. А вы, жыды, на тое ўжо і створаныя. Вы хоць чорта ашукаеце, вы ведаеце ўсе штукі: вось дзеля чаго я прыйшоў да цябе! Ды і ў Варшаве я сам сабою нічога не адтрымаў-бы. Зараз-жа запрагай воз і вязі мяне!

— А пан думае, што гэтак проста ўзяў кабылу, запрог, дый: „Эй, ну, — сіўка!“ Думае пан, што можна так, як ёсьць, не схаваўшы, вязьці пана?

— Ну, дык хавай, хавай, як сабе ўмееш: у парожнюю бочку, ці што?

— Ай, ай! А пан думае, хіба можна схаваць яго ў бочку? Пан хіба ня ведае, што кожны падумае, што ў бочцы гарэлка?

— Ну, дык хай сабе і думае, што гарэлка.

— Як? Хай думае, што гарэлка? — сказаў жыд і схапіў сябе абедзьвюма рукамі за пэйсыкі і пасьля задраў угару абедзьве рукі.

— Ну, што-ж ты гэтак атарапеў?

— А пан хіба ня ведае, што Бог на тое стварыў гарэлку, каб яе кожны каштаваў. Там усё лакомнікі, ласуны: шляхціч будзе бегчы вярстоў пяць за бочкаю, прадзяўбе якраз дзірачку, зараз-жа ўбачыць, што не цячэ і скажа: — Жыд не павязе парожняе бочкі; мусі тут ёсьць што-нібудзь! Схапіць жыда, зьвязаць жыда, адабраць усе грошы ў жыда, пасадзіць у вастрог жыда! Таму што ўсё, што толькі ёсьць нядобрае, усё валіцца на