Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/38

Гэта старонка не была вычытаная

А тым часам у народзе пачалі пападацца і ўшанованыя па заслугах усёю Сечаю сівыя, старыя чубы, бываўшыя няраз старшынямі. Тарас тутка сустрэў шмат знаёмых асобаў. Астап і Андрый чулі толькі прывітаньні: „А гэта ты, Пячэрыца! Здароў, Казалуп!“ — „Ты як сюды зайшоў, Долата? Здароў, Кірдзяга! Здароў, Густы! Ці-ж думаў я бачыць цябе, Рамень?“ І вітэзі, якія сабраліся з усяго разгульнага сьвету ўсходняе Расеі, цалаваліся ўзаемна, і тут паляцелі пытаньні: „А што Касьян? што Бародаўка? што Калапэр? што Підсышок?“ І чуў толькі ў адказ Тарас Бульба, што Бародаўка павешаны ў Талапане, што з Калапэра зьдзёрлі скуру пад Кізыкірмэнам, што Піпсышкова галава пасолена ў бочцы і адаслана ў самы Царград. Панурыў галаву стары Бульба і раздумліва казаў: „Добрыя былі казакі!“


ІІІ

Ужо каля тыдня Тарас Бульба жыў з сынамі сваімі ў Сечы. Астап і Андрый мала займаліся вайсковаю школаю. Сеча ня любіла затрудняць сябе вайсковымі муштрамі і марнаваць час; моладзь выгадоўвалася і адукоўвалася ў ёй адным дасьведчаньнем, у самым агні бітваў, якія праз гэта былі блізка што бесьперарыўныя. Казакі лічылі нудным займаць перарывы вывучэньнем якое-нібудзь дысцыпліны, апрача хіба страляньня ў цэль, ды час ад часу коннага бегу і лёту за зьверам у сьцяпох і лугох; увесь іншы час аддаваўся гульбе — прыкмеце шырокага размаху духоўнае волі. Уся Сеча выяўляла сабою нязвычайнае зьявішча: гэта было нейкае бесьперарыўнае банкетаваньне, баль, пачаты шумна і згубіўшы канец свой. Некаторыя займаліся майстроўкамі, іншыя трымалі крамкі і гандлявалі; але большая часьць гуляла з раніцы да вечару, калі ў кішанёх