Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/45

Гэта старонка не была вычытаная

што разьюшаны, сваявольны натаўп можа за гэта прытаўчы яго насьмерць, што ледзь не заўсёды бывае ў падобных выпадках, пакланіўся вельмі нізка, паклаў паліцу і схаваўся ў натаўп.

— Прыкажаце, панове, і нам пакласьці знакі дастойнасьці? — сказалі судзьдзя, пісар і есаул і рыхтаваліся тут-жа палажыць чарніліцу, вайсковую пячатку і жэзл.

— Не, вы заставайцеся! — закрычалі з натаўпу: — нам трэ’ было толькі прагнаць кашавога, таму што ён баба, а нам трэба чалавека ў кашавыя.

— Каго-ж выбераце цяпер за кашавога? — сказалі старшыні.

— Кукубенка выбраць! — крычала часьць.

— Ня хочам Кукубенка! — крычала другая. — Рана яму, яшчэ малако на губах не абсохла.

— Шыла хай будзе атаманам! — крычалі адны. — Шылу пасадзіць у кашавыя.

— У плечы табе Шыла! — крычаў з лаянкаю натаўп. — Што ён за казак, калі пракраўся, сабачы сын, як татарын? К чорту ў мяшок п’яніцу Шыла!

— Барадатага, Барадатага пасадзіць на кашавога!

— Ня хочам Барадатага! К нячыстай маці Барадатага!

— Крычэце Кірдзягу! — шапнуў Тарас Бульба некаторым.

— Кірдзягу, Кірдзягу! — крычаў натаўп. — Барадатага, Барадатага! Кірдзягу! Кірдзягу! Шыла! К чорту з Шылам! Кірдзягу!

Усе кандыдаты, пачуўшы названымі свае імёны, зараз-жа выйшлі з натаўпу, каб не падаць ніякае прычыны думаць, быццам яны памагалі асабістым удзелам сваім у выбары.

— Кірдзягу! Кірдзягу! — разьлягалася мацней за іншых. — Барадатага! — Справу ўзяліся даказваць кулакамі і Кірдзяга затрыумфаваў.