— Ідзеце па Кірдзягу! — закрычалі. Чалавек з дзесяток казакоў адлучыліся тут-жа з натаўпу; некаторыя з іх ледзь трымаліся на нагах, — да гэткае ступені пасьпелі нагрузіцца, і скіраваліся проста да Кірдзягі абвясьціць яму аб тым, што яго выбралі.
Кірдзяга, хоць стары зусім, але разумны казак, даўно ўжо сядзеў у сваім курэні і быццам і ня ведаў ні аб чым, што адбывалася.
— Што, панове? чаго вам трэба? — спытаўся ён.
— Ідзі, цябе выбралі за кашавога!..
— Зьлітуйцеся, панове! — сказаў Кірдзяга: — дзе мне быць кашавым! Ды ў мяне й розуму ня хопіць, каб адпраўляць гэткі ўрад. Быццам ужо нікога лепшага не знайшлося ў цэлым войску?
— Ідзі-ж, кажуць табе! — крычалі запарожцы. Двох з іх схапілі яго пад рукі, і як ён ні ўпіраўся нагамі, але быў, нарэшце, прыцягнены на пляц, праводжаны лаянкай, падпіханьнем ззаду кулакамі, штурханцамі і ўгаварваньнямі:
— Ня ўпірайся, чортаў сыне! Прымай-жа гонар, сабака, калі табе даюць яго! — Гэткім спосабам уведзены быў Кірдзяга ў казацкае кола.
— Што, панове? — загаласілі на ўвесь народ прывёўшыя яго: — ці вы згодныя, каб гэты казак быў у нас кашавым?
— Усе згодныя! — закрычаў натаўп, і ад крыку доўга грымела ўсё поле.
Адзін з старшыняў узяў паліцу і паднёс яе новавыбранаму кашавому. Кірдзяга, паводле звычаю, зараз-жа адмовіўся. Старшыня паднёс другі раз: Кірдзяга адмовіўся і другі раз, і пасьля ўжо за трэцім разам узяў паліцу. Згодны крык разьлёгся па ўсім натаўпе, і ізноў далёка загуло ад казацкага крыку ўсё поле. Тады выступіла з сярэдзіны народу чацьвёра найстарэйшых, сівавусых і сівачубых казакоў (вельмі старых ня было на