Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/50

Гэта старонка не была вычытаная

народ выдумаў. Толькі вось што: вам вядома, панове, што султан не пакіне бяз кары тую пацеху, якою пацешацца малайцы. А мы тым часам былі-б напагатове, і сілы ў нас былі-б сьвежыя, і нікога не збаяліся-б. А як нас ня будзе, дык і татарва можа напасьць: яны, турэцкія сабакі, у вочы ня кінуцца і да гаспадара ў хату не пасьмеюць зайсьці, а ззаду ўкусяць за пяты, дый балюча ўкусяць. Ды калі ўжо пайшло на тое, каб казаць праўду, у нас і чаўноў няма гэтулькі ў запасе, дый пораху не намолата ў гэткай колькасьці, каб можна было ўсім вырушыць. А я, хіба што, я рад: я слуга вашае волі.

Хітры атаман змоўк. Кучы пачалі перамаўляцца, курэнныя атаманы радзіцца; п’яных на шчасьце, было няшмат, і дзеля гэтага рашыліся паслухаць разумнае рады.

У тую-ж гадзіну скіравалася некалькі чалавек на процілежны бераг Дняпра, у вайсковую скарбніцу, дзе, ў няпрыступных тайнікох, пад вадою і ў чаратох, хаваўся вайсковы скарб і часьць здабытае ў няпрыяцеля зброі. Іншыя ўсе кінуліся да чаўноў, аглядаць іх і ладзіць у дарогу. У міг натаўпам народу запоўніўся бераг. Некалькі цесьляў зьявілася з сякерамі ў руках. Старыя, загарэлыя, плячыстыя, дужаногія запарожцы, з сівізнаю ў вусох і чарнавусыя, падкасаўшы шаравары, стаялі па калены ў вадзе і сьцягвалі чаўны моцнаю вяроўкаю з берагу. Іншыя цягалі гатовыя сухія бярвеньні і розныя дзеравякі. Там абшывалі дошкамі човен; там, перавярнуўшы яго дагары дном, канапацілі і смалілі; там прывязвалі да бакоў іншых чаўноў, паводле казацкага звычаю, пукі доўгіх чаратоў, каб не заліло чаўноў марскою хваляю; там далей па ўсім узьбярэжжы разлажылі агні і варылі ў мядзяных саганох смалу на заліваньне чаўноў. Бывалыя і старыя вучылі маладых. Стукат і рабочы крык паднімаўся па ўсёй акрузе; увесь дрыжаў і варушыўся жывы бераг.