Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/61

Гэта старонка не была вычытаная

Жыхары пастанавілі бараніцца да апошніх сілаў і магчымасьцяў, і лепш хацелі памёрці на пляцох і вуліцах перад сваімі парогамі, чымся пусьціць непрыяцеля ў хаты. Высокі земляны насып абкружаў места: дзе насып быў ніжэйшы, там высоўвалася каменная сьцяна або дом, служыўшы батарэяй, або, нарэшце, дубовы частакол. Гарнізон быў сільны і адчуваў важнасьць свае справы. Запарожцы горача былі палезьлі на насып, але іх сустрэлі моцнаю карцечаю. Мяшчане і мястовыя жыхары, як відаць, таксама не хацелі быць гультаямі і стаялі купаю на меставым насыпе. У вачох у іх можна было чытаць адчайнае спраціўленьне; жанчыны таксама рашыліся браць удзел, і на галовы запарожцам паляцелі каменьні, бочкі, гаршкі, гарачы кіпень, і нарэшце, мяшкі з пяском, сьляпіўшым ім вочы. Запарожцы ня любілі мець справы з крэпасьцямі; вясьці аблогі была ня іхняя часьць: Кашавы загадаў адступіць і сказаў: „Нічога, паны браты, мы адступім; але будзь я паганы татарын, а не хрысьціянін, калі мы выпусьцім іх хоць аднаго з места! Хай іх усе паздыхаюць, сабакі, з голаду!“ Войска, адступіўшы, аблягло ўсё места і, ад няма чаго рабіць, занялося пусташэньнем ваколіцаў, выпальваючы навокал вёскі, стагі незабранага збожжа, і напушчаючы табуны коняй на нівы, яшчэ ня кранутыя сярпом, дзе, як назнарок, гойдаліся поўныя каласы, плод нязвычайнага ўраджаю, наградзіўшага ў той час шчодра ўсіх земляробаў. З жахам бачылі з места, як зьніштажаліся спосабы іхняга істнаваньня. А тымчасам запарожцы, выцягнуўшы навокал места ў два рады свае вазы, разьлягліся гэтак-жа сама, як і на Сечы, курэнямі, курылі свае люлькі, мяняліся здабытаю зброяю, гулялі ў чыхарду, у чот і лішку і паглядалі з забойчаю спакойнасьцяй на места. Уночы запальваліся агні: кашавары варылі ў кожным курэні кашу ў вялізных мядзяных саганох; каля гарэўшых усю ноч агнёў стаяла бяссонная варта. Але хутка