Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/80

Гэта старонка не была вычытаная

варухнеш сваім тонкім, чорным брывом! Але ведаю, што мо’ пляту дурныя прамовы, і недарэчы, і не падходзіць усё гэта сюды, што ня мне, правёўшаму жыцьцё ў бурсе і на Запарожжы, гаварыць так, як у звычаі гаварыць там, дзе бываюць каралі, князі і ўсё, што ёсьць найлепшае ў вяльможным рыцарстве. Бачу, што ты іншае Божае стварэньне, чымся ўсе мы, і далёкія перад табою ўсе іншыя баярскія жонкі і дочкі-дзяўчаты. Мы не падходзім быць тваімі рабамі, толькі нябесныя ангелы могуць служыць табе.“

З узрастаўшым зьдзіўленьнем, уся абярнуўшыся ў слых, не сказаўшы ніводнага слова, слухала дзяўчына шчырую, сардэчную прамову, у якой, як у люстры, адбівалася маладая, поўная сілы душа. І кожнае простае слова гэтае прамовы, вымаўленае голасам, ляцеўшым проста з сардэчнага дна, адзета было ў сілу. І выдаўся ўперад увесь прыгожы твар яе, адкінула яна назад прыкрыя валасы, адчыніла вусны і доўга глядзела з адчыненымі вуснамі. Пасьля хацела нешта сказаць і раптам стрымалася, і ўспомніла, што іншым назначэньнем вядзецца рыцар, што бацька, браты і ўся айчына яго стаяць ззаду яго строгімі помсьцічамі, што страшныя аблёгшыя места запарожцы, што на лютую сьмерць засуджаны ўсе яны з сваім местам… і вочы яе раптам зайшлі сьлязьмі; быстра схапіла яна хустку, вышытую шоўкам, накінула яе сабе на твар, і яна ў мінуту зрабілася ўся вільготнаю, і доўга сядзела, закінуўшы назад сваю прыгожую галаву, сьціснуўшы беласьнежнымі зубамі сваю прыгожую ніжнюю губу, — як-бы раптоўна пачуўшы які ўкус ядавітага гада, — і ня зьнімаючы з твару хусткі, каб ён ня бачыў яе друзгатальнага суму.

— Скажы мне адно слова! — сказаў Андрый і ўзяў яе за атласную руку. Бліскучы агонь прабег па жылах яго ад гэтага дакраненьня, і ціснуў ён руку, ляжаўшую нячулай у руцэ яго.