Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том I.pdf/81
Гэта старонка не была вычытаная
60.
ЗА ГАЗЭТАЙ.
Ты доўга сядзела за сталом
Нярухомая, скамянелая.
І чутна у цішы было,
Як стукае гадзіньнік мерна,
Як дробны дождж сячэ халодныя шыбы,
І як у капяжы бяжыць струя вады.
А ты ўсё сядзела,
Хацела — і ня мела сіл
Адвясьці свае вочы
Ад чорнай рамкі ў газэце, —
Бяздоннай студні,
Ўшчэрць поўнай гора і сьлёз.