Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том II.pdf/109

Гэта старонка не была вычытаная

пройдзены ў колькі год шлях, перагледзелі здабыткі сваёй працы. Гляньма-ж на іх і мы.

Як і ў 1909 гаду, найбольш увагі зьвяртае на сябе Я. Купала; зьвяртае ня толькі велічынёй сваёй здольнасьці, але [і] гібкасьцю яе, здатнасьцю да ўсестароньняга разьвіцьця. Гэта бадай адзіны наш пісьменьнік, каторы ідзе ўперад, вядзе нейкую ўнутраную працу і, зрабіўшы ці мала, не супыняецца аж да гэтага часу. Каб даць паняцьце аб усёй моцы жыцьцёвых сокаў яго таленту, мы на мінуту вернемся аж да першых крокаў яго пісьменьніцкай працы.

Пачаў ён з шурпатых вершаў, амаль ня зусім зьліваўшыхся з тагочасным слоем беларускай поэзіі; напісаныя пад „Бурачка“, залішне расьцягненыя, слаба апрацаваныя з боку формы і мовы, яны ўвесь час перапявалі некалькі адных і тых-жа тэм. Але ня кволасьць таленту, а толькі як-бы нейкая нядбаласьць выглядае зусюль: бо чым, апроч нядбаласьці, можна вытлумачыць зьяўленьне хоць бы такіх слоў, як: „Спалі вас, песьні, дым (?) чырвоны (?)“. („Жалейка“, стр. 134), „Гарыста яна“ („Беларусь“) (стр. 102), „Барабаніў плуг“ (стр. 104) і т. д. І ўсё-ж-ткі ці можна за гэта Купалу вельмі вінаваціць? Захоплены вобразам прападаючай Беларусі і лічачы, што пясьняр перш за ўсё павінен быць грамадзянінам, ён усю ўвагу зьвяртаў на тое, што казаў, ня цікавячыся зусім, у якія формы і як выліваліся яго думкі. І што-б там ні было, а ўсё-ж-ткі ён будзіў гэтымі вершамі душы чытачоў, дый ня толькі таму, што ліліся яны з шчырага сэрца і ў роднай мове: не, і тады ўжо ў яго творах відаць быў нязвычайны поэтычны талент. Ня раз і ня два прабівалася там яркая і моцная думка, пара-другая поўных пачуцьця і зычных вершаў, хаця яны, праўду кажучы, зараз-жа і зьнікалі, быццам і зьяўляліся толькі для таго, каб лепш кідалася ў вочы агульная слабасьць вершаў.

Тое-ж самае, здаецца, прышлося б сказаць і аб „Адвечнай песьні“, — поэме, выданай у апошнім гаду, але напісанай яшчэ ў 1908 г. Гэтая пацерка з невялічкіх гутарак-вершаў зусім зьбіваецца на „Жалейку“: зьмест іх той жа самы, форма, праўда, гладзей, але ня вельмі, і ўсё-ж-ткі яны па-