Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том II.pdf/112

Гэта старонка не была вычытаная

шмат разоў, ён ня можа не паўтарацца ня толькі ў агульным зьмесьце вершаў, але і ў асобных фразах і абразох.

Напрыклад, яшчэ ў № 3 „Нашай Долі“ (1906 г.) мы чыталі, што „На камінку корч пылае“, але зусім гэтак-жа „пылае ён“ і ў вершы „Маці“; гляньма на верш „У школу“ і там пабачым „Ярка на камінку смольны корч пылае“. Гэтакія паўтарэньні яшчэ болей павялічываюць аднатоннасьць вершаў, і без таго ня блішчучых ані красой формы, ані яркасьцю мовы, ані вобразнасьцю зьместу. Асабліва даецца ўсё гэтае ў знакі ў апісаньнях (на наш погляд — самай слабой часткі зборніку), бо як артыст-маляр Колас не стаіць вельмі высока, і ня ў пекнасьці формы мовы ці малюнку хаваецца цэннасьць яго вершаў, але ў праўдзівай — далёкай ад усякай хвальшы — любві да бацькаўшчыны; гэтая любоў, як цудоўная жывая вада ў казках, ажыўляе іх і робіць роднымі, блізкімі ўсякаму, у кім яшчэ ёсьць душа жывая, хто не забыўся аб долі свайго народу, а мо‘ і сам перажывае апісанае ў гэтых вершах. На жаль толькі, выключна лірычны талент Коласа рэдка падыймаецца да асаблівай сілы пачуцьця; але там, дзе мог разьвярнуцца лірызм поэты, разбуджаны жывымі праўдзівымі пачуваньнямі (гл. у „Песьнях жальбы“ аддз. „Думкі“, „3 турмы“), — там ёсьць і такія рэчы, як „Песьня няволі“, „Восенны дождж“, „Гусі“, „Восень“, „Уюцца думкі“, „У турме“ і інш. Можна-б паказаць, што там ці сям паміж іх спатыкаюцца русіцызмы, што апошні верш нагадывае А. Талстога („Край мой край…“), — але гэта ўжо драбніцы, і, ня гледзячы на іх, памянёныя вершы, як і сам Колас, павінны заняць пачэснае месца ў нараджаючайся беларускай пісьменнасьці.

Руху ўперад няма і ў жартах А. Паўловіча; куды ні зірні, усё той жа куртаты зьмест, гумар каторага зусім зьнікае ў надзвычайна расьцягнутых вершах, усё той жа валючыйся з ног рытм, тыя-ж абы-як толькі падабраныя рыфмы. Ёсьць і русіцызмы, ёсьць і зусім незразумелыя месцы. Мусіць і сам Паўловіч разумее духоўную і артыстычную беднасьць сваіх вершаў, бо, згуртаваўшы іх летась у зборнічак „Снапок“, шмат чаго туды і не памясьціў; але і пасьля гэта-