Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том II.pdf/113

Гэта старонка не была вычытаная

га вартасьць кніжкі асталася вельмі невялікай. Праўда, ёсьць у ёй і добрыя бакі: першае (што можна сказаць і аб усіх нашых пісьменьніках) — ён так ці сяк, але апрацоўвае беларускую мову і, працуючы ў ёй, нават і слабым вершам дае беларускаму чытачу болей, чым добры, але чужаземны поэт. Апроч таго ёсьць у Паўловіча колькі вершаў, каторыя сьведчаць, што ён мае змогу быць праўдзівым поэтам; толькі шмат працы трэба для гэтага і над формай вершу і над разьвіцьцём свайго духоўнага зьместу.

Што да Багдановіча, то і ў ім няпрыкметна шпаркага разьвіцьця, хоць асобнасьці яго таленту выступаюць ужо даволі ясна. Гэта поэт-маляр. Слабы, як лірык, ён усю сваю ўвагу зьвяртае на вобразнасьць зьместу вершаў і разам з тым клапоціцца аб згушчонасьці яго, спадзяваючыся прыдаць ім праз гэта асаблівую сілу; але, сьціснутыя павэдлуг такіх захадаў вершы іншы раз заміж малюнку даюць якісь абрывак яго. Што варта гэтая праца, сказаць пакуль што цяжка, а таму, адзначыўшы даволі шырокі круг тэм у гэтых вершах і бледнасьць мовы іх, я перахаджу да другарадных поэтаў.

Ёсьць тут і даўныя знаёмыя (А. Гарун, Г. Леўчык, Стары Ўлас, перапяваючы Коласа, Ц. Гартны), ёсьць і некалькі новых імён (Чарнышэвіч і Піліпаў), — але ніхто з іх ня даў нічога асабліва яркага. Лепшыя вершы Гартнага і Леўчыка — у „Календары“. Адна толькі Канстанцыя Буйла абяцае разьвіцца ў праўдзівы асабісты талент. Як мы бачым, рух, аб каторым гаварылася ў пачатку стацьці, адбіўся і тут: лік другарадных пісьменьнікаў значна павялічыўся; ёсьць перамены і ў зьмесьце вершаў, каторыя ўжо кіруюцца да новых мотываў і дзеля гэтага робяцца рознакалёрнымі. Што-ж датыкаецца да поэтаў-аднаднёвак, то іх у апошнім гаду бадай што ня было, а тыя, што і зьявіліся, давалі найбольш добрыя рэчы („Н. Н.“ 1910 г. — гл. Каганец, Крапіўка, Будзька і інш.).

Урэшце адзначым скончанае летась выданьне „Беларускіх песьняроў“ і зборнік народных песьняў (сабраў Грыневіч), цікавы і з артыстычнага боку. Наагул, ня дрэнную памяць пакінуў па сабе мінулы год у гісторыі нашай поэзіі.