Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том II.pdf/115

Гэта старонка не была вычытаная

З розных драм, напісаных у беларускай мове летась прадстаўлялі „Моднага шляхцюка“ — К. Каганца, і перакладную „Па рэвізіі“ і „Ня розумам паняў, а сэрцам“.

Ёсьць у нашай літаратуры і яшчэ адна драма — драма жыцьцёвая. 8 апрыля абарваў жыцьцё сваё на дваццатай вясьне Сяргей Палуян; а якая любоў да Беларусі таілася ў яго сэрцы, які шырокі, многабочны талент загінуў з яго сьмерцю — гэта можна зразумець і з глыбока-сымболічнага, напоўненага душэўным болем апавяданьня „Вёска“ і з другой рэчы „Хрыстос уваскрос“, дзе на ўсім працягу б‘ецца хваля напруджанага пачуцьця.

Моцна ціснула маладога пісьменьніка сучаснае грамадзянскае жыцьцё, ды не пакарыўся ён яму, і за гэта заплаціў сваёй сьмерцю. Не забудзема-ж яго ў час барацьбы і абдаленьня, але няхай у нас прабуджаецца разам з тым і сьвятая гордасьць: наша пісьменнасьць неразьвітая і каравая, але вялікім пачуцьцём напоўнена ўсё яе цела, не на грашовых справах трымаецца яна і ніколі ня пойдзе чысьціць боты капіталу!