Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том II.pdf/120

Гэта старонка не была вычытаная

ўзрост даўнейшай нашай пісьменнасьці — гэта ўзрост перш за ўсё перапіскі ды перакладаў розных старэйшых твораў, гэта, далей, узрост пераробкі іх і толькі на апошнім мейсцы ўзрост творчаскага труда. Толькі выпадкова можна пабачыць запісаным на яе скрыжалях імя таго альбо іншага пісьменьніка; рэдка на якой цалі яе шэрай тканіны быў накладзены штэмпель часу і месца вырабкі. Адны і тыя ж рукапісы знаходзіліся як у Кіеве, так і ў Полацку і ў Уладзіміры, вытвараныя, напрыклад, у XI-XII сталецьці, чыталіся і перапісываліся нават цераз колькі сот год. Такім парадкам, аглядаючы гэтыя творы, ня зьнітованыя з адным якімсь іменем, часам альбо краем, мы павінны будзем гуртаваць іх толькі па зьместу, не зьвяртаючы ўвагі на мейсца і на пару зьяўленьня. Але тут-жа адмецім, што разьвіцьцё беларускай пісьменнасьці ішло чым далей, тым усё больш бардзеючым крокам і павялічывалася не ў арыфмэтычнай, а ў геомэтрычнай прогрэсіі: так камень, ідучы да дна соннага става, робіць на яго люстранай гладзі спачатку ледзьве відны, але што раз болей пашыраючыйся круг; такім-жа парадкам узрастала і нашая пісьменнасьць. Уважаючы на гэтае, мы разаб‘ем яе на два неадзінакавых па сваёй велічыні і рознабочнасьці кавалка, першы з каторых павінен будзе ахапіць XIII і XIV сталецьці, а другі толькі XV-e.

§ 5. Старэйшым з дайшоўшых да нас заходня-рускіх укапісаў дасюль астаецца дагавор, зроблены між Рыгай і смаленскім князем у 1229 г., — першы з даволі доўгай чаргі, у каторай мейсца падупаўшага Смаленска хутка заняў Полацк. Апроч таго мы маем яшчэ крыху розных грамат: жалаваных, дагаворных, укладных, клятвеных і інш., — а ўсяго твораў, прыстасаваных да гасударственнага пажытку і зьявіўшыхся на працягу двух сталецьцяў (XIII і XIV), меецца цяпер каля 40; урэшце, зьбераглося яшчэ пяць рэлігійных кніг, — 2 сьпіскі псалтыры і 3 — евангельля. Гэтым і абмяжовываецца ўвесь спадак, дастаўшыся нам ад абодвых першых вякоў жыцьця нашай пісьменнасьці. У параўнаньні з ім можа здавацца добрым [нават] тое, [усё-ж-ткі сумнае], на-