Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том II.pdf/123

Гэта старонка не была вычытаная

было сьмела паставіць знак роўнасьці. Але, хоць і аднабока разьвітая, навука ў нас усё-ж-ткі была і знаходзілася ў лепшым палажэньні, чым бяздольная красная пісьменнасьць, да каторай ня можна залічыць жаднай з меючыхся цяпер тагочасных кніг. Праўда, і ў іншых заходня-эўропейскіх землях духоўная творчасьць тэй пары ішла ў гэтым напрамку надта слаба, і там, як у нас, уся грамада чытачоў і пісьменьнікаў была ўзгадавана сьвяшчэньнікамі і манахамі і ў вялікшай часьці складалася з іх самых; сярод гэтых людзей, лічыўшых грахоўнымі і нярэдка выкараняўшых хараводы, песьні і жыцьцёрадасныя апавяданьні, прыгожая пісьменнасьць, вядома, разьвіцца не магла. Але ў нас была і яшчэ адна рэч, мяшаўшая яе нараджэньню і ўзросту, — гэта абломкі царкоўна-славянскай мёртвай мовы, яшчэ даволі густа заграмаджаўшыя тагочасныя кнігі і не даваўшыя ў пісьменнасьці вольнага ходу духоўнай творчасьці беларускай нацыянальнай душы.