Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том II.pdf/128

Гэта старонка не была вычытаная

спрыяў апанаваўшы ў той час романтычны кірунак, прадстаўнікі каторага цікавіліся народнымі творамі і народным жыцьцём. На страніцах журналаў пачалі зьяўляцца беларускія казкі і песьні, у апавяданьнях з краёвага жыцьця ўвесь час спатыкаліся беларускія выразы, іншы раз гутаркі дзе-якіх асоб пераказываліся нават цаліком пабеларуску; а адсюль ужо недалёка і да чыста беларускіх твораў. Але яны не маглі мець колькі-небудзь паважнага значэньня, бо караніліся ня ў шырокіх грамадзянскіх патрэбнасьцях, а ў прыхільным душэўным настроі гуртка асоб, зросшыхся з польскай ці, іншы раз, расійскай культурай, да народа-ж гэтыя творы бадай што не даходзілі; [за для] гэтага аўтары іх марыць не маглі аб праўдзівым здавальненьні духоўных патрэб чытачоў, ці аб разьвіцьці беларускай культуры. Цікавейшы з нашых тагочасных пісьменьнікаў — Я. Чачот — у прадмове да свайго зборніка „Piosnki wieśniacze z-nad Niemna… W. 1845 г.“ сумняваецца ў тым, што беларуская мова здолее калісь зрабіцца пісьменнай. Другі беларускі поэта — Рыпінскі — так і рупіцца закрыць вочы на ўсё, што адражняе Беларусь ад Польшчы, і нават ахвяруе адну з сваіх ксёнжак „першаму з беларускіх мужычкоў, каторы наперад выўчыцца чытаць, а потым гаварыць і думаць папольску“. Адсюль робіцца зразумелым і жартаўлівы дух першых беларускіх твораў, і выпадковасьць іх і нават тое, што амаль ня ўсе яны пісаліся вершамі; гэтае прыходзіцца сказаць аб першай-жа ластаўцы навейшай беларускай пісьменнасьці — „Энэідзе“, пераробленай з украінскага…