Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том II.pdf/138

Гэта старонка не была вычытаная
∗     ∗

Пераходзячы да апавяданьняў, пачнём наш агляд з твораў Ядвігіна Ш., каторых, аднак, у апошні час ня бачна, як раньш у „Нашай Ніве“. Не апавяданьнямі, а байкамі ўсяго лепей было-б назваць іх, дарма што Ядвігін Ш. піша ня вершам, а прозай. Невялічкія творы яго ўсягды намагаюцца, як праўдзівыя байкі, даць паўчэньне, або ацаніць якое-небудзь жыцьцёвае зьявішча. Ён ня проста апавядае, а хоча заўсягды нешта яшчэ давясьці і растлумачыць. Як кроўны баечнік, Ядвігін Ш. дужа ўпадабаў алегорыю і ахвотна заместа людзей апісывае птушак і зьвяроў, на каторых знаецца дужа добра. Любоўна малюе ён іх фігуркі, умела адмячае рожныя цікавыя драбніцы іх жыцьця, або звычаяў, і з-пад яго пяра праз гэта ўстаюць, як жывыя, постаці зьвяроў і птушак, каторыя рожняцца між сабой ня менш, як постаці людзей. Урэсьце трэба згадаць і аб ласкавым гумары, які ажыўляе блізка што кожную строку Ядвігіна Ш., а іншы раз, зрабіўшыся болей вострым, набліжае яго да такіх пісьменьнікаў, як Шчэдрын і Горкі ў Расеі[1], або Леманьскі ў Польшчы.

Жывасьць ёмкай беларускай мовы, прыказкі і меткія славечкі, которыя тут якраз да рэчы, — усё гэта яшчэ больш павялічывае вартасьць апавяданьняў-баек Ядвігіна Ш.

Ведама, што байка скрозь даўно ўжо падупадае, але ў яго творах яна ізноў закрасавала сьвежым кветам. Няма спрэчкі, што ў асобе Ядвігіна Ш. мы маем аднаго з найлепшых баечнікаў нашых часоў, да таго ж вельмі блізка стаўшага да творчасьці самаго народу.

Т. Гушча (Я. Колас) добра ўдае ўсякія размовы, а таму ахвотна бярэцца за гэта ў сваіх апавяданьнях. Вялікая частка напісанага ім складываецца з кароценькіх пытаньняў і такіх-жа адказаў, дзеля чаго і чытаецца вельмі лёгка. Да таго-ж Т. Гушча ўмее і пажартаваць, і пасумаваць і раздумацца, і чытача на думу навясьці, — што яшчэ болей надае вартасьці яго творам.

  1. Маю на ўвазе, ведама, іх казкі.