Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том II.pdf/139

Гэта старонка не была вычытаная

Власт надрукаваў усяго 3-4 рэчы, але кожную можна ўзяць за прыклад, як трэба пісаць. Асабліва хораша напісаны апавяданьні „Сож і Няпро“, вельмі прыгожая казка-легенда (гэтага ў нас дасюль яшчэ ня было, ды і наагул спатыкаецца ня часта), і, далей, „Дзень рожавай кветкі“, што нагадывае лепшыя з апавяданьняў, здабыўшых усясьветную славу дацкаму пісьменьніку Андэрсэну. Таксама добра напісаны і жарцік, памешчаны ў № 2 „Маладой Беларусі“.

Галубок, як і раньш, пісаў бойкія і вясёлыя апавяданьні, да чаго мае праўдзівую здольнасьць. Мова іх заўсягды жывая, тэмы іншы раз даволі цікавыя.

Не замала і новых пісьменьнікаў, узяўшыхся за апавяданьні. З іх асабліва вызначаецца Новіч, каторы першы папрабаваў напісаць вялікшую рэч прозай пабеларуску. Выйшла, няма спрэчкі, добра. Яшчэ больш цікавы для нас 3. Бядуля, пісьменьнік з душою чулай і поэтычнай, аб чым сьведчаць, напрыклад, прыгожыя і сьвежыя зраўненьні, каторыя іншы раз спатыкаюцца ў яго. Горкім сьмехам поўны яго апавяданьні. Лепшыя з іх — „Гора ўдавы Сымоніхі“, „Пяць лыжак заціркі“, „Сон старога Анупрэя“, дзе да вядомай тэмы Караленкі зроблена неспадзяванае дабаўленьне, ды іншыя. Шмат хто вялікія надзеі пакладае на маладога пісьменьніка Максіма Беларуса.

Яшчэ больш было людзей, даўшых адно або два добрых апавяданьні і пасьля не друкаваўшыхся. Так, напрыклад, у Аляхновіча Чэркаса ўдаўся „Сон“; напісан ён даволі заблутана, але гэта якраз да рэчы пры апісаньні сну. Жывіца хораша і цікава намаляваў постаць свайго пана Шабуневіча. Лёсік паказаў свой талент і змоўк. Два апавяданьні (у адным — новая тэма) надрукавала Цётка ў № 1 „Маладой Беларусі“. Нішто сабе выйшаў у п. М. Кепскага „Руды Міхась Крэчка“. Урэсьце трэба было-б згадаць творы К. Лейко, ад каторага трэба чакаць цэннага, Я. Журбы, А. Язьмена, Шпэта і інш.

∗     ∗

Глянуўшы адразу на ўсю беларускую пісьменнасьць, бачым, што за апошнія гады сярэдняя вартасьць твораў