Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том II.pdf/140

Гэта старонка не была вычытаная

падвышаецца, што цяпер кожны піша так, як некалькі год назад маглі пісаць найлепшыя пісьменьнікі нашы. А гэта можа значыць адно: тое, што ў нас вырабілася літаратурная мова. Кожны, хто працаваў над гэтым, зразумее, з якою радасьцю я пішу гэтыя словы. Але мала таго: мы бачым, што сталыя пісьменьнікі разьвіваюцца, да іх прылучаюцца маладыя сілы, вынікаюць новыя тэмы і новыя спосабы абработкі тэм, адзін за адным зьяўляюцца каштоўныя творы. Ня трэба цяпер, канечна, ісьці ў чужыя людзі, шукаючы глыбокіх і трывожных дум, чулага і хвалюючага пачуцьця, душу радуючай красы. Ня трэба, бо і ў саміх ёсьць. Мала таго, самі яны могуць да нас зьвярнуцца, бо іншы раз таго, што маем мы, ня знойдзем у іх. І гэта ня толькі таму, што ў нас ёсьць пісьменьнікі зусім асобнага духу, як, напр., Купала, Гарун, Ядвігін Ш., Власт, Бядуля ды інш. І ня толькі таму, што яны апісываюць беларускае, мала дзе вядомае жыцьцё. Не, і апрыч гэтага знойдзецца шмат чаго; вось хаця-б і нацыянальнае пачуцьцё; ня зьвінелі, ды і ня могуць зазьвінець у расійцаў, напрыклад, яго струны так, як у нашай пісьменнасьці. І ясным робіцца праз гэта, што ня толькі нашаму народу, але і ўсясьветнай культуры нясе яна свой дар.