Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том II.pdf/145

Гэта старонка не была вычытаная

прайшла ўсе шляхі, а пачасьці і сьцежкі, каторыя поэзія эўропейская пратаптывала болей ста год. З нашых вершаў можна было-б лёгка зрабіць „кароткі паўтарыцельны курс“ эўропейскіх пісьменьніцкіх напрамкаў апошняга веку. Сантымэнталізм, романтызм, рэалізм і натуралізм, урэсьце, модэрнізм — усё гэтае, іншы раз нават у іх рожных кірунках, адбіла наша поэзія — праўда найчасьцей бегла, няпоўна, але ўсё-ж-ткі адбіла. Вялікую ўнутраную рухавасьць мае яна, аб гэтым ня можа быць і споркі.

∗     ∗

І ўсё-ж, хоць многа шляхоў прайшла пры сваім разьвіцьці наша поэзія, але адзін дасюль яшчэ абмінае яна, — свой родны, беларускі шлях, праложаны праз соткі год народнай песеннай працы. Соткі год народ вытвараў сваю поэзію, вырабляў прыпадаючыя да сваёй душы вобразы, параўнаньні, эпітэты, сюжэты, творчаскія падходы. А чым нашы песьняры скарысталіся са ўсяго гэтага? Бадай што нічым.

Праўда, яшчэ год семдзесят таму назад Ян Чачот надрукаваў каля трыццаці ўласных песьняў, напісаных так добра накшталт народных, што і адрожніць ад іх было ня зусім лёгка. Але зборнічка таго даўно ўжо няма, вершы Чачота не перадрукованы, ніхто іх ня ведае і ніякага ўплыву на нашу пісьменнасьць яны ня мелі і ня маюць.

Замала „беларускасьці“ было (апрыч Чачота ды Пятрука з-пад Крошына, ды яшчэ, быць можа, Баршчэўскага) у нашых даўнейшых песьняроў, творы каторых мы ведаем, замала яе і ў сучасьнікаў. Адзін толькі Каганец, пішучы вершы, аглядаўся на народную песьню, намагаўся, каб яны былі праняты яе духам і яе прыкметамі. Ды, на жаль, мала было ў яго творах натхненьня, і выходзілі яны ў яго важкімі, тапорнымі, бясьсільнымі. Таму ў друку іх бадай што зусім не зьяўлялася і ніякага сьледу ў беларускай поэзіі яны не пакінулі. Аднак, хоць і зрэдку, Каганец падвышаўся да праўдзівай творчасьці, і тады ў яго вынікалі такія вершы, як „Кабзар“ („Н. Н.“ 1909 г.) — рэч самародная, веючая народным духам і пакідаючая моцнае ўражаньне.