Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том II.pdf/146

Гэта старонка не была вычытаная

Апрыч гэтага гаварыць астаецца мала аб чым. Зрэдку, то там, то сям спатыкаюцца ў сучасных вершах то народны эпітэт, то народны паралелізм, або мэтр, або рыфма, або сюжэт. Але як тое рэдка, і як тое выпадкова! Часьцей гэтае спатыкалася ў Цёткі, я даў невялічкую нанізку вершыкаў, пачасьці ўдаваўшых беларускую песьню[1], дзьве-тры такія-ж рэчы напісаў Купала. А па-за тым трэба ставіць кропку. Беларускіх вершаў у нас яшчэ ня было, былі толькі вершы, пісаныя беларускай мовай.

∗     ∗

Беларускіх вершаў яшчэ ня было, але яны павінны быць, і будуць! Як кожны народ мае сваю нацыянальную душу, так ён мае і свой асаблівы склад (стыль) творчасьці, найбольш прыдатны да гэтай душы. Ёсьць ён і ў нас, беларусаў, і мы мусім зьвярнуцца да яго, каб улажыць што-небудзь сваё ў скарбніцу сьветавой культуры, каб уліць у нашую поэзію сьвежыя сокі, каб стаць бліжэй да душы роднага народу, лепей паталіць яе духоўную смагу і запраўды ўзяцца за вялікую працу: разьвіцьцё беларускай народнай культуры.

Распачаць гэтую справу ў поэзіі будзе ня лёгка: куды лягчэй ісьці па прабойным дарогам, куды лягчэй пісаць, маючы перад вачыма добрыя прыклады; а тут усё, ад пачатку і да канца, трэба рабіць самому. Ёсьць і шмат іншых перашкод, вымагаючых пільнай працы і доўгіх дум; асабліва цяжка прыходзіцца пры найуважнейшым і найгоршым пытаньні: што з песьняў, каторыя пяюцца ў нас, належыць да беларусаў, а што ўзята ад вялікарусаў, украінцаў, нават у палякоў? Скрозь спатыкаюцца ў нас песьні, вядомыя ў іх, або ўстаўлены кавалачкі з гэтых песьняў, цікавыя параўненьні і т. д. Ці мы бралі ад іх, ці яны ад нас? Ці зраслося запазычанае з душой беларуса, ці асталося чужым? Міма гэтых (і шмат якіх іншых) запытаньняў моўчкі прайсьці ня можна, але і адказаць на іх ня проста. Ды як-бы ні

  1. Аб сваёй поэмцы „Мушка-Зелянушка“ ды некалькіх дробных вершах, надрукаваных улетку, я тут не гавару, бо гэта ўжо — пачатковы вынік з тэй працы над беларускім складам у вершы, якую я распачаў каля году назад і абараняю ў гэтай стацьці.