Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том II.pdf/147

Гэта старонка не была вычытаная

прыходзілася цяжка, а праўдзівая беларуская поэзія павінна знайсьці для сябе працаўнікоў: бярымося-ж за гэтую нялёгкую, але вясёлую работу.

∗     ∗

Бярымося! Наш сягоньнешні, наш заўтрашні напрамак — да забытага намі народнага беларускага шляху. Але вышаўшы на яго, становімся мы на расстаньні: мы можам жыўцом браць з народных песьняў тыя скарбы, аб каторых была мова вышэй, — браць і ўстаўляць у свае вершы; далей мы можам вучыцца ў народу, навыкаць да яго творчаскіх падходаў. За што-ж нам брацца?

Ідучы першай дарогай, мы, праўда, трохі аднавім нашу поэзію, і яна прыбярэцца крыху ў народны колер (як тая паненка, што надзела ўзятую ад вясковай дзяўчыны шнуроўку). Але, як кожны бачыць, гэта ня шлях да шырокага разьвіцьця поэзіі. Да таго-ж не забудзем, што праз такія запазычкі чытач пачынае неяк сумнявацца ў творчаскіх сілах пісьменьніка: мо‘ таму ён запазычае, што свайго стварыць ня можа? Калі запазычана спраўды каштоўная рэч, дык вынікае думка: чаго варт пісьменьнік, у каторага лепшае — запазычкі? А дзе хто, можна спадзявацца, нават крыкне: плягіят! (крадзёж з пісьменьніцкага вытвору). Але досыць аб гэтым. Ці рабіць тыя запазычкі, ці не рабіць — паважнага значэньня гэта ня мае. Для шырокай-жа працы трэба ўступаць на другі адзначаны намі шлях.

Аднак і тут можна ісьці парожнаму: можна старанна ўдаваць тое, што ёсьць у народнай песьні, кіруючыся, каб даць вытвор, які ня можна-б было адрожніць ад народных. Гэта сталася-б каронай для такой працы. Можна пісаць і інакш — не намагаючыся падрабіцца пад народную песьню, але ў народным духу, прыклад чаго даў Каганец у сваім „Кабзару“.

Проці першага спосабу многа можна сказаць. Напісан верш, каторага ад народнай песьні і не адрожніш. Гэта — трыумф пісьменьніка, стаўшага на такую пуціну. Але на што той верш? Ці-ж замала было-б народных песьняў і без яго? Далей, — мы-ж радзіліся аб разьвіцьці народнай поэзіі, а