Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том II.pdf/148

Гэта старонка не была вычытаная

тут у лепшым прыпадку становімся ўровень з ёй, аб разьвіцьці-ж няма і мовы. Яшчэ адно: круг сюжэтаў песьні няшырокі, ён хутка будзе пройдзен увесь да канца, і тады пачнуцца прыкрыя паўтарэньні старога, ужо сказанага, пісьменьніку будуць зьвязаны скрыдлы, поэзія ўпрэцца чалом у сьцяну. Урэсьці-ж, адна рэч песьня, другая — верш; песьня пяецца, і гэтае робіць да яе такія вымогі і надае ёй такія прыкметы, удаваць каторыя ў вершы было-б сьлепатой.

Астаецца апошні шлях. Ісьці па яму — справа верная, але небясьпечная. Бо што такое той „народны дух“? На ім няма ані кляйна, ані плёмбы, а таму пад яго прыкрыцьцем канечне будуць занасіцца ў нашу пісьменнасьць і насьледаваньні з вялікарускай ды украінскай народнай поэзіі, пад уплыў каторых так лёгка падпасьці, і ўласныя нікчэмныя выдумкі, і яшчэ шмат што. Ізноў скажу — шлях верны, але небясьпечны. Думаецца пакуль мы робім першыя крокі, трэба нам трымацца народнай песьні, як сьляпы трымаецца плота, трэба стаць бліжэй да першага з абодвых спосабаў творчасьці; але пры гэтым мы павінны памятаць, што ён добры толькі для пачатку працы, што на ім далёка не зайдзеш, і што раней або пазьней мы павароцім на шырокі, у бязьмежную даль пралёгшы, шлях. Дзе яго шукаць — мы ўжо гаварылі.

∗     ∗

Мы падайшлі к канцу. Астаецца сказаць усяго некалькі апошніх слоў.

Намагаючыся зрабіць нашу поэзію ня толькі мовай, але і духам, і складам твораў шчыра беларускай, мы зрабілі-б цяжкую памылку, калі-б кінулі тую выучку, што нам давала сьветавая (найчасьцей эўропейская) поэзія. Гэтая апошняя праца павінна ісьці поўным ходам. Было-б горш, чым нядбальствам, нічога ня ўзяць з таго, што соткі народаў праз тысячы год сабіралі ў скарбніцу сьветавой культуры. Але занасіць толькі чужое, не разьвіваючы свайго — гэта яшчэ горш: гэта знача глуміць народную душу. Да таго ж адны жабракі могуць праз усё жыцьцё толькі браць. Трэба-ж і нам, бяручы чужое, калі-не-калі даць нешта сваё. А свайго, як мы бачым, мы давалі меней, чым маглі.