Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том II.pdf/16

Гэта старонка не была вычытаная

Калі з боку маткі поэта атрымаў у спадчыну жывасьць увабражаньня, то з боку бацькі яму дадзены былі бязумоўныя задаткі да інтэлектуальнага разьвіцьця. Яго бацька, Адам Юравіч, які прабіваў спачатку, у дзяцінстве і ў раньнім юнацтве, сабе дарогу цяжкаю фізычнаю работаю, урэшце дабіўся адукацыі і стаў жыць разумоваю працаю, спачатку працуючы ў школе на вёсцы і ў Менску (агулам у працягу дзесяцёх гадоў, 1882—1892), потым служачы на розных пасадах у Сялянскім банку ў Горадне, Ніжнім-Ноўгарадзе і Яраслаўлі (1882—1892). Разам з тым ён загадваў у працягу шэрагу гадоў спачатку Горадзенскаю публічнаю бібліотэкаю, потым аднэю з Ніжагародзкіх бібліотэк. Цяпер, прапрацаваўшы ў галіне разумовай працы звыш 40 гадоў, ён лічыцца загадчыкам Навуковай бібліотэкі пры гістарычным Музэі ў гор. Яраслаўлі. Роўналежна з службаю А. Ю. з маладых гадоў аддаваў свае сілы і перадавой політычнай дзейнасьці: з 1882 па 1892 г. ён лічыўся членам партыі „Народнай Волі“, праводзіў організацыйную працу партыі ў вёсцы і ў Менску, кіраваў падпольнымі гурткамі самаадукацыі. Самую службу ў Сялянскім Пазямельным Банку ён выбраў сьвядома, як такую, якая найбольш адпавядала яго народніцкім пераконаньням, і на працягу амаль 28 гадоў, у якасьці ацэншчыка і зямляўпарадчыка, спрыяў пераходу ў рукі працоўнага народу звыш 400.000 дзесяцін зямлі (па яго прыблізным падліку) у розных губэрнях — Горадзенскай, Ніжагародзкай, Уладзімерскай, Яраслаўскай, Валагодзкай і Таўрычаскай. Ня гледзячы на тое, што служба брала шмат часу і энэргіі, А. Ю. не парываў сувязі з літаратурнай навуковай працай; апрача цэлага шэрагу навуковых і літаратурных артыкулаў, якія А. Ю. зьмяшчаў з 1887 году ў пэрыодычных провінцыяльных выданьнях, яго пяру належыць некалькі каштоўных прац па этнографіі Беларусі. Сюды, — апрача ўжо цытаванае вышэй працы „Пережитки древнего миросозерцания у белоруссов“, у свой час адзначанай навуковаю крытыкаю, адносяцца яго артыкулы ў „Материалах для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края“ П. В. Шейна („Сборники отделения русского языка и сло-