Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том II.pdf/19

Гэта старонка не была вычытаная

ця, да пераезду бацькі ў Ніжні-Ноўгарад у кастрычніку 1896 году, то нельга не адзначыць гэтых раньніх і, бязумоўна, спрыяльных уражаньняў ад роднай прыроды, якая адыграла вельмі значную ролю у разьвіцьці яго поэтычнай творчасьці, тым больш, што зноў беларускае жыцьцё і прыроду ён убачыў толькі ў 1911 годзе, калі, па сканчэнні гімназіі, паехаў у Вільню.

Другою акалічнасьцю, зьвязанаю з раньнім дзяцінствам, — і якая таксама, бязумоўна, мела дачыненьне да яго разьвіцьця, быў выхаваўчы ўплыў мацеры. Педагог па адукацыі, Марыля Апанасаўна прабавала дапасаваць да сваіх дзяцей фрэбелеўскую сыстэму выхаваньня пачуцьцяў і дзеля гэтага некаторы час яна старалася згуртаваць увагу дзяцей на так званых „разумных цацках“. Сыстэма гэтая, аднак, у сям‘і не прыжылася. „Зато — кажа А. Ю. — мать была неистощима в изобретении всяких игр и забав для детей и сама отдавалась им с неподдельным увлечением. Возвращаясь со службы, я уже слышал во дворе, в саду или в комнате веселый детский смех, возню, беготню. Особенно смешлив, с быстрыми, впрочем, переходами к плачу, был Максим. Вскоpе плаксивость прошла, а смешливость оставалась вплоть до юности“. Такім чынам, у мацярынскім выхаваньні спадчынная жывасьць пачуцьця і выабражэньня знаходзіла здаровую, узмацняльную абстаноўку.

У канцы пятага году ад нараджэньня маленькі Максім застаўся бяз маткі (памерла 4-га кастрычніка 1896 г.) і хутка пераехаў з усёю сям‘ёю ў Ніжні-Ноўгарад, куды бацьку назначылі на службу. Нябожчыцу матку замяніла спачатку ім цётка па бацьку, сястра А. Ю-ча, Марыля Юраўна, потым другая жонка А. Ю-ча, якая таксама хутка памерла, і, нарэшце, цётка з боку маткі, Аляксандра Апанасаўна. Але выхаваньне і першапачатковае навучаньне дзяцей у гэты ніжагародзкі кругабег (1896—1908) заставалася цалкам на абавязку бацькі. Жыцьцё дзяцей у Ніжнім, як расказвае сам А. Ю., было такое-ж, як і ў Горадні. Амаль штодзень бацька браў дзяцей на прагулку ў сады, летам на Волгу, на берагі Акі, або за горад, у гай і поле. У час прагулак вяліся