Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том II.pdf/2

Гэта старонка не была вычытаная

ПРАДМОВА.

У другі том збору твораў М. Багдановіча ўвайшлі ўсе яго прозаічныя творы, за выключэньнем дванаццаці невялікіх апавяданьняў, якія, як узоры яго мастацкай прозы, зьмешчаны ў першым томе разам з яго вершамі. Значная частка матар‘ялаў да другога тому была атрымана ад бацькі пісьменьніка, А. Ю. Багдановіча, ці праз яго пасярэдніцтва.

Наогул, у гэтым томе сабраны 64 нумары нарысаў, артыкулаў, рэцэнзій і нататак нябожчыка поэты, якія раскіданы па розных пэрыодычных выданьнях ці захаваліся ў рукапісах. Агульны лік прозаічных твораў, што перавыдаюцца тут з друкаваных орыгіналаў — 48, агульны лік артыкулаў, якія друкуюцца з рукапісных орыгіналаў — 15. З твораў, якія выдаюцца з друкаваных орыгіналаў, — 3 (№ № 2, 6 і 21) узяты з беларускіх пэрыодычных выданьняў і зборнікаў — з газэты „Наша Ніва“ і са зборнікаў „Калядная Пісанка“ і „Што трэба ведаць беларусу?“; рэшта — 45 нумароў узята з пэрыодычных выданьняў і зборнікаў на расійскай мове — з часопісаў „Украинская Жизнь“, „Ежемесячный журнал“, „Национальные проблемы“, „Русский Экскурсант“, з штотыднёвіка „Музыка“, са зборніку „Пушкин и его современники“, з Ярослаўскае газэты „Голос“. Аўтографы, з якіх друкуюцца 16 артыкулаў, захаваліся большаю часткаю толькі ў чарнавым выглядзе, за выключэньнем некалькіх напісаных начыста. З 16 артыкулаў, што друкуюцца з аўтографаў, 7 — на беларускай мове, 1 — на украінскай і 8 — на расійскай мове.

Большасьць нарысаў, артыкулаў і нататак, якія выдаюцца ў гэтым томе, зьяўляюцца закончанымі творамі поэты, і толькі некаторыя захаваліся як адрыўкі; гэта артыкулы за № № 1, 4, 5, 11, 14, 18, 24 і 28.

Паводле свайго зьместу ўсе артыкулы ўкладзены ў пяць разьдзелаў. Першы — артыкулы гісторыка-літаратурнага і крытычнага зьместу, другі — артыкулы аб беларускай грамадзкасьці, трэці — артыкулы на тэмы аб славянстве, чацьверты — нататкі і рэцэнзіі, пяты — („Varia“) — артыкулы зьмешанага характару (соцыолёгічныя нарысы, крымскія ўражаньні, пераклады).