Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том II.pdf/20

Гэта старонка не была вычытаная

даступныя для дзяцей нагляданьні над прыродаю і адпаведныя гутаркі. Калі дзеці сталі падрастаць, А. Ю. стаў іх браць па чарзе з сабою ў службовыя паездкі (для агляду і ацэнкі зямель па даручэньні Сялянскага Пазямельнага Банку), раён якіх ахапляў ня толькі Ніжагародзкую, але і Ўладзімерскую губэрні. Нарэшце, незалежна ўжо ад службы, паездкі з дзецьмі наладжваліся ў Маскву, па Волзе і Каме, у Крым, але гэтыя сямейныя экскурсіі адносяцца ўжо не да раньняга дзяцінства Максіма, а да гадоў яго вучэньня дома і ў школе.

У агульным выніку ўражаньні раньняга дзяцінства трэба лічыць спрыяльнымі як для выхаваньня сфэры дзіцячых пачуцьцяў і выабражэньня, так і для першапачатковага разумовага разьвіцьця. Здароўе хлопчыка ў гэтыя першыя шэсьць гадоў не выклікала, як відаць, ніякай небясьпекі. Ён нарадзіўся здаровым дзіцём і разьвіваўся ў нормальнага здаровага і жвавага хлопчыка. Але і гэтыя гады не абышліся без няўхільных дзіцячых катастроф. У два месяцы ад роду дзіця моцна апяклося аб гарачае лямпавае шкло, якое няшчасным выпадкам упала яму на голае цельца; вынікам гэтага была болька і доўгае яе лячэньне. На шостым годзе жыцьця, у скорым часе пасьля прыезду ў Ніжні-Ноўгарад, з Максімам здарылася яшчэ адна дзіцячая катастрофа: бегаючы па гладка нацёртай падлозе, ён паваліўся і, стукнуўшыся аб падлогу падбародкам, адсек сабе зубамі кончык языка; адсечаны кавалак языка, які ледзь трымаўся адным краечкам у залітым крывёю роце, прышлося прышываць хірургічным спосабам; дзіця вытрымала гэтую опэрацыю, не застагнаўшы, не аказаўшыся. Абодвы гэтыя здарэньні, магчыма, не пакінулі сьледу на агульным стане яго здароўя, але, напэўна, не засталіся бяз уплыву на яго павышаную нэрвовасьць. Куды большае значэньне мела для агульнага складу яго псыхікі трэцяя катастрофа — раньняя сьмерць маткі. Хлопчыку ў гэты час было бяз малаго пяць год. У тую сумную раніцу, 4-га кастрычніка 1896 г., Максім, які не чакаў блізкае разьвязкі ў хваробе мацеры, быў неяк асабліва шумлівы і вясёлы. Баючыся занепакоіць пры сьмерці Марылю Апанасаўну, бацька спыніў хлопчыка, які раздурэўся,