Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том II.pdf/22

Гэта старонка не была вычытаная

сказаць супроць гэтай концэнтрацыі (корэляцыі, нават комплекснасьці — скажам тэрмінолёгіяй нашай сучаснасьці) першапачатковых ведаў, якая, бязумоўна, адыграла вядомую ролю ў фармаваньні суцэльнага, таксама сконцэнтраванага сьветапогляду будучага поэты. Пасьля паступленьня дзяцей у гімназію А. Ю. ня ўмешваўся ў іх школьнае навучаньне, але пастаянна, асабліва ў першыя гады вучэньня ў школе, кіраваў іх хатнім пазаклясавым чытаньнем, якое ў яго „ставилось систематично и тесно связывалось с общим ходом обучения“. У падборы кніг для дамашняга чытаньня ня было твораў спэцыяльна так званай дзіцячай літаратуры, як чыста штучных літаратурных „изделий“: на іх месца ўведзены былі помнікі народнай творчасьці і мастацкія творы, даступныя для дзіцячага разуменьня. У сьпісе кніг для хатняга чытаньня, паказаных А. Ю-чам у „Материалах“, мы знаходзім для гэтага: 1) клясыкаў як расійскіх, так і заходня-эўропейскіх (Арыост, Дантэ, Сэрвантэс, Мільтон, Міцкевіч, Пушкін, Гогаль і г. д.) і 2) рознастайныя ўзоры народнага эпосу (быліны, сербскія і балгарскія песьні, Эдда, Песьня аб Нібялунгах, романсы аб Сідзе, Рустэм і Зораб, урыўкі з Іліяды, Одысэі і Энэіды і г. д.). Першымі кніжкамі з гэтага сьпісу для Максіма, як і для іншых дзяцей, былі, згодна паказаньня А. Ю-ча, „Детские сказки“ Афанасьева і беларускія казкі запісу самога А. Ю-ча, а таксама беларускія казкі з зборнікаў Шэйна і Раманава, якія чыталіся дзяцьмі па выбару бацькі. У гэтым пераліку пазаклясавага чытаньня зварочвае на сябе ўвагу: 1) наяўнасьць беларускай народнай поэтычнай стыхіі, якая з самага раньняга дзяцінства ўдзельнічае ў выхаваньні будучага поэты, і 2) шырокае выкарыстаньне ўзораў сусьветнай народна-эпічнай і мастацка-літаратурнай творчасьці. Апошняя акалічнасьць, бязумоўна, выхоўвала ў будучым поэце тую шырыню літаратурных інтарэсаў, якая з часам вызначылася як у рознастайнасьці жанраў у яго ўласных поэтычных досьледах, так і ў яго шматлікіх перакладах і перайманьнях з чужых літаратур (гл. творы М. Багдановіча, т. I, разьдз. III). Неабходна, гаворачы аб хатнім навучаньні дзяцей пад кіраўні-