Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том II.pdf/224

Гэта старонка не была вычытаная

18.

СТАЛЕЦЬЦЕ РУХУ БЕЛАРУСКАГА НАРОДУ.
* 1912-1914.

Свой нарыс пачну я з часу пералому ў палітычнай гісторыі нашага народу, а ўласна — з канца 18-га сталецьця, бо ў тую пару ён адыйшоў ад зруйнаванай Польшчы да Расеі. Якім цяжарам ціснула яго плечы „крэпасное права“, панаваўшае колькі сталецьцяў; да якой забітасьці, пакорнасьці і зьбяднеласьці дайшоў ён, сьляпы, як крот, адарваны ад прасьветы, заціснуты надсільнай і беспрарыўнай працай; як пакалечылі душу яго бесканечныя гады паднявольнага жыцьця — аба ўсім гэтым ня буду я гаварыць: гэтае кожны і сам лёгка зразумее. Скажу толькі, што і ў падданстве ў Расеі беларускаму народу ня стала лягчэй: памешчыкі былі тыя-ж, уціск той-жа, а абароны, як і раньш, чакаць было не ад каго. Аб гэтым сьведчаць бадай што ня ўсе людзі, ведаўшыя ў той час наш край, але дзеля асьцярожнасьці разгледзім толькі ўрадавыя матар‘ялы.

У 1835 гаду віцебскі губэрнатар пісаў, што на Беларусі мужыкі змучаны нявольніцтвам і беднасьцю, а памешчыкі адурэлі ад сваёй моцы: прымушаюць крэпасных увесь час працаваць на панскі двор, пакідаючы ім толькі нядзелю; адбіраюць ад крэпасных усякую ўласнасьць; пашыраюць п‘янства, заводзячы корчмы, і руйнуюць ім мужыцкую гаспадарку (Семеўскі, т. II, стар. 486).

Беларускі генерал-губэрнатар князь Хаванскі такжа-сама гаварыў, што памешчыкі бяз розуму ціснуць мужыкоў, і што „ў іх аконам кіруе людзьмі пугаю, бізуном“ (Сем. II, ст. 487). У „Журнале Міністэрства Унутраных спраў“ у 1843 гаду ч. I гаворыцца (гл. стар. 242—262), што апрыч