Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том II.pdf/225

Гэта старонка не была вычытаная

паншчыны, каторая адрабляецца у „гвалтах“ і „згонах“, мужыкі павінны былі адбываць, „шарваркі“ (значыцца, пачыняць грэблі і гаці з дарогамі, а такжа рабіць будоўлі), „старожаства“ (хатняя праца пры хвальварку), „падарашчызну“ (перавозка панскага дабра на продаж) і апрыч таго ўсякія „талокі“, „ласкі“, „дарэмшчыны“, працы ў гародах, ткацтва, прадзеньне і розныя „даніны“ грашмі ці інш. Усе гэтыя павіннасьці „предоставляются личному усмотрению и без‘отчетному произволу помещиков“. У 1848 г. мінскі губэрнатар піша: „Памешчыкі аддаюць сваіх мужыкоў у рукі жорсткасардэчных, грубых і хцівых аконамаў, каторыя ціснуць іх надсільнымі работамі, зьверска мучаюць нават і кабет і дзяцей і хворых людзей. Дзе калі тое-ж робяць і самі памешчыкі. Увесь час чутно, што такі-то мужык памёр, а такая-то зацяжэйшая кабета выкінула дзіцё альбо такжа памёрла пад наказаньнем за дробны праступак“ („Россия“, т. IX, ст. 112). „У Віцебскай губэрніі“ — піша ў „всеподданнейшем донесении“ 1855 году галоўны начальнік края — „мужыкі бадай ня бачаць хлеба, жывуць грыбамі і рознымі сырымі рэчамі, шырашчымі хваробы“ („Россия“ т. IX, стар. 109).

Вось у якім палажэньні былі мужыкі на Беларусі па сьвядоцтву ўрадавых матар‘ялаў…