Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том II.pdf/259

Гэта старонка не была вычытаная

край, наша старонка. Калісьці ў нас было сваё гасударства, скрозь чутно было нашу беларускую гаворку. У ёй пісалі законы, разьбіралі справы па судох, вучылі ў школах, друкавалі кнігі, спраўлялі набажэнствы ў царквах ды касьцёлах і ўсе размаўлялі панашаму: і чыноўнікі, і папы, і паны над панамі, і вялікія князі, што правілі гасударствам.

Праз соткі год жылі мы так, не даваючыся нікому; але ўрэшце перамаглі нас палякі і запанавалі ў нашай беларускай старонцы. А калі зьнішчылі Польшчу, дасталіся Расіі.

Жывём мы паміж палякаў і вялікарусаў, народаў моцных, і маем шмат крыўды ад іх. Бо ёсьць вялікарусы, што намагаюцца, каб мы забыліся на ўсё сваё, беларускае, выракліся яго ды зьвярнуліся ў вялікарусаў, гаварылі-б і жылі паіхнему. Ёсьць і палякі, каторыя таксама хочуць зьмяніць нас на свой капыл, каб і мы сталіся палякамі.

Аглянецеся: усё наша роднае, беларускае, марнуецца, нішчыцца, зьнікае, бо яго забіваюць, яго прыглушаюць, ім пагарджаюць; а чужое пануе, пышаецца, мае сабе пашану і павагу. І — хто ведае? — быць можа пройдзе колькі часу, і не пазнаем мы ані нашага краю, ані нашых дзяцей. І будзе скрозь усё чужое, нязвычнае, а свайго роднага — нічога.

Дык няхай-жа ня станецца так! Не пакінем свае гаворкі, сваіх песьняў, сваіх звычаяў, — свайго кроўнага, спрадвечнага, беларускага. Не адракомся, не забудзем, ня кінем на глум; будзема шанаваць, бараніць, дзецям сваім аб тое запаведаць.

Ня лёгка нам вытрываць. Мы людзі цёмныя, людзі бедныя. Цяжкае наша жыцьцё, горкі наш хлеб, вялікую крыўду маем мы. Ёсьць шляхі да лепшай долі, ды ня бачым мы іх праз сваю цемнату. Але не ўсягды будзе так! Чытайма, браткі, кніжкі і газэты, пісаныя ў нашай беларускай гаворцы. Тады прыйдзе канец нашай цемнаце, праясьняцца нашыя вочы, і кожны крок, што мы ступім па зямлі, будзе крокам да блізкага шчасьця, да сьветлага жыцьця.