Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том II.pdf/26

Гэта старонка не была вычытаная

году) адносіліся да яго падазрона. Але ў дачыненьні да яго агульнага разьвіцьця і падрыхтоўкі да літаратурнай дзейнасьці гэты рух меў больш сур‘ёзныя вынікі. Не бяз уплыву большага брата Вадзіма, які прымаў жывы ўдзел у гімназічных непарадках і на мітынгах выступаў, як выдатны прамоўца, — Максім прыкметна захапляўся політыкаю. Не жадаючы, аднак, проста насьледаваць брату, ён, як расказвае А. Ю., з орыгінальнасьці, „об‘явил себя анархистом“. Пры гэтым „он не только забросил учебные занятия, но отчасти забросил свою любимую белоруссику. На столе у него появились Бакунин, Прудон, Эльцбахер, Малатеста, Штамлер, Черкезов и пр… Он не замедлил образовать в своем классе (4-м!) кружок юных анархистов и даже хотел, так сказать, легализировать его“ (шляхам наданьня клясе права сходаў). Гэты паварот у бок політычных і соцыяльных тэм і пытаньняў належыць, вядома, адзначыць. З маленства прывыкшы жыць у атмосфэры грамадзкасьці, якая абкружала заўсёды яго бацьку і яго бліжэйшае асяродзьдзе, Максім цяпер, пад уплывам гімназічных уражаньняў, значна паглыбляе сваю сувязь з соцыяльнай стыхіяй і тым самым падрыхтоўвае яе ўступленьне побач з „беларусікаю“ ў тэматыку яго поэтычнай творчасьці. Гэтым, вядома, тлумачыцца, што, пашыраючы і далей кола сваіх соцыяльных думак і нагляданьняў у студэнцкія гады, ён аб‘яднаў у сваіх творах свае эстэтычныя перажываньні з перадрэвалюцыйнымі настроямі і нацыянальныя тэмы Беларусі, якая адраджалася, з яе соцыяльнымі запатрабаваньнямі.

Трэці момант з гімназічнага кругабегу жыцьця Максіма Багдановіча, які мае таксама датычэньне да крыніц яго творчасьці, — гэта яго розныя паездкі ў час канікул, якія ўзбагачалі яго ўражаньнямі ад малюнкаў прыроды і побыту, якія прыходзілася яму наглядаць, а часткова і ад некаторых новых сустрэч і знаёмстваў. Шэраг гэтых паездак пачынаецца з 1900 г., г. зн. яшчэ за два гады да паступленьня Максіма ў гімназію, калі А. Ю. упяршыню павёз сваю сям‘ю на кумыс, — галоўным чынам, дзеля большага сына Вадзіма, у якога ўжо выявіліся адзнакі сухот. Дзеля адпачынку і