Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том II.pdf/27

Гэта старонка не была вычытаная

лячэньня А. Ю. пасяліўся з сям‘ёю ў аднаго башкіра ў вёсцы Караякупава Уфімскай губэрні. Тут дзеці былі заўсёды блізка да прыроды і добра азнаёміліся як са стэпам у яго летнім убраньні, так і з перадгор‘ямі Уралу. Робячы з дзяцьмі прагулкі, А. Ю. стараўся зрабіць з гэтых прагулак літаратурныя экскурсіі, менавіта — да малюнкаў стэпавай прыроды падбіраў мастацкія ілюстрацыі з адпаведных твораў Аксакава, якія тут-жа чытаў дзецям. Калі прыняць пад увагу, што ў Уфімскую губэрню сям‘я А. Ю-ча ехала скрозь параходам — па Волзе, Каме і Белай — і толькі частку шляху, варочаючыся назад, праехала па чыгунцы, то прыходзіцца лічыць, што гэтая паездка была для дзяцей, а асабліва для ўражлівага Максіма, вельмі багатаю новымі малюнкамі і нагляданьнямі. Другая паездка, таксама на кумыс, была ў 1904 годзе. Гэты раз А. Ю. адправіў на кумыс толькі двух сваіх сыноў, Вадзіма і Максіма, і пасяліў іх у сям‘і свайго сябра доктара І. К. Семакіна, які жыў у горадзе Белебеі Уфімскай губ. У гэтую паездку, апрача ўражаньняў ад новых месц, Максім атрымаў магчымасьць блізкага дачыненьня да высокаадукаванай сям‘і Семакіна, жонка якога, да таго-ж, была дасканалаю сьпявачкаю, і значыцца, Максім другі раз (першы раз у сям‘і Шчарбаковых) апынуўся ў сфэры ня толькі разумовых, але і музычных уплываў. У гады 1905—8, калі А. Ю. асабліва быў заняты грамадзкаю працаю, ніякія далёкія паездкі не наладжваліся, і дзеці павінны былі здавольвацца ў канікулярны час звычайнаю дачаю. Але вясною 1909 году, калі праз год пасьля сьмерці старэйшага брата Вадзіма, які памёр ад сухот, у Максіма таксама выразна стаў разьвівацца сухотны процэс, зноў паўстала пытаньне аб паездцы для лячэньня. Згодна парады доктара, А. Ю. павёз сына ў Ялту і пасяліў у пансіёне на малочнай фэрме „Шалаш“ блізка ад Ауткі, недалёка ад дачы А. П. Чэхава. Абстаноўка адпачынку і лячэньне сярод крымскай прыроды трохі занадта ўскладнілася тут вясёлаю кампаніяй маладых людзей — мужчын і жанчын, сярод якіх прышлося Максіму жыць. Але ўсё-такі ён адпачыў, значна паправіўся і перажыў шэраг сьвежых і яскравых уражаньняў, якія