Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том II.pdf/31

Гэта старонка не была вычытаная

га кругабегу. Характарызуючы жыцьцё свайго сына ў студэнцкія гады, А. Ю. кажа, што Максім Адамавіч жыцьцё вёў сіратлівае, ціхае, адданае навуцы і літаратуры. У цэнтры гэтага ціхага, габінетнага жыцьця заўсёды знаходзіліся кнігі. Той літаратурны вобраз, — „Максім Кніжнік“, — якому ён умоўна прыпісвае, як аўтару, свой „Апокрыф“ вельмі добра сымболізуе захапленьне кнігамі Максіма А-ча. Ён, вядома, сам быў гэтым „Максімам Кніжнікам“. У сябе ў пакоі ён заўсёды сядзеў за сталом, скрозь заваленым кнігамі, якія ляжалі літаральна грудамі; прыводзіць іх у парадак, як відаць, было некалі да і непатрэбна дзеля таго, што імі пастаянна прыходзілася карыстацца. На гэтае кніжнае абкружэньне паказвае ня толькі А. Ю., але і іншыя асобы ў сваіх успамінах, напр., Н. Г. Агурцоў. Так-жа сама аўтары ўспамінаў некалькі разоў азначаюць, як характэрную рысу Максіма А-ча, прывычку хадзіць з кнігамі пад пахай: з кнігамі ён зьяўляўся да сяброў і знаёмых, дзеля таго што звычайна заходзіў да іх ня проста для гутарак, а з прычыны кніг і дзеля кніг; з кнігамі-ж часьцей за ўсё яго можна было сустрэць на вуліцы, калі ён ішоў у баку ад грамады (асабліва калі гэта было ў сьвяточны дзень, на Яраслаўскім бульвары або на наберажнай), дзеля таго што ён хадзіў і на вуліцу не для гульні, а з прычыны тых ці іншых кніжных інтарэсаў, — часьцей за ўсё ў Ліцэйскую бібліотэку. Аб гэтай яго рысе ўспамінаюць Н. Г. Агурцоў і Ф. Імшэнік. Галоўнай кніжнай крыніцай, у якой здавальнялася кнігалюбства Максіма А-ча, была бібліотэка яго бацькі, Адама Ю-ча. А. Ю. гаворыць у адным месцы „Материалов“ аб сваёй бібліотэцы так: „В моей библиотеке было все, что было лучшего в мире, и ничего пошлого, значит выбор был обширный и на все вкусы“. Можа гэты зварот мовы — „усё, што было лепшага ў сьвеце“ — належыць некалькі зьмякчыць пры ацэнцы хатняй бібліотэкі, але ўсё-ткі гэтая бібліотэка была, як відаць, вельмі значнаю і падборам і колькасьцю кніг. У ва ўсякім разе ў успамінах А. А. Залатарова аб ёй зроблена наступная заўвага: „У отца поэта, Адама Егоровича, была тогда (апавяданьне адносіцца да 1909—10 гг.) великолепнейшая библи-