Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том II.pdf/360

Гэта старонка не была вычытаная

32.

АБ ВЕРЫ НАШЫХ ПРАШЧУРАУ.

* 1916.

Шмат у што верылі русічы. Калі ў хаце вёўся парадак, здавалася ім, што нехта гэтаму няпрыкметна пасабляе. І яны зьяўлялі сабе таго нявідзімага памочніка ў постаці хатніка — рупнага, мудрага дзядулькі.

Са ўсіх бакоў абсталі вёску драмучыя пушчы, глухія лясы. І вяскоўцам здавалася, што тамака жыве лясун, — вялізны, моцны, калматы. Ён кіруе ўсім у лесе, апякуецца над зьвярыма, пасьвіць воўчыя стаі. Ня любіць ён, каб захадзілі людзі ў бары: пачне іх путаць, звадзіць, зьбіваць з дарогі, страшыць, рагочучы, як пугач. Праз тое шмат людзей загінула, заблукаўшыся ў лясох.

А ў рэчках ды вазёрах вядзе над усім лад сівабароды вадзянік. Жыве ён у глыбокім віры разам са сваімі дачкамі — русалкамі. Вясною яны выходзяць з вады і гойдаюцца на галінах дрэваў, распусьціўшы свае доўгія валасы, зялёныя, як вадзяныя расьліны.

∗     ∗

А калі грымелі грымоты, білі пяруны, здавалася нашым продкам, што гэта грыміць нейкі суворы, грозны, узгневаны бог. Звалі русічы яго Пяруном і сьвяткавалі яму 20-га ліпеня (цяпер сьвяткуюць Ільлі прароку).

Але найбольш за ўсё шанавалі русічы бога сонца — Хорса. Звычайна, земляробы. Усё галоўнае ў іх быту залежала ад сонца. Калі падыходзіў пералом зімы, і сонца павяртала на лета, спраўляліся каляды. Калі канчалася зіма, смажылі бліны з маслам і сьмятанай, сьвяткавалі масьленіцу. Пасьля ў красавіку загукалі вясну, сьпявалі вясьнянкі.