Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том II.pdf/361

Гэта старонка не была вычытаная

Але найбольш сьвяткавалі сонцу ўлетку, калі яно ўсяго даўжэй і мацней сьвеціць на небе. Звалася тое сьвята Купальлем.

Апроч гэтага русічы маліліся рожным іншым рэчам і зьявішчам, каторыя іх дзівілі, або спрыялі ім, або страшылі: агню, крыніцам, нязвычайным дрэвам і каменьням…[1] Постаці Хорса і Пяруна выразалі з дрэва, высякалі з каменя і маліліся прад імі, клалі ім афяры, стравы, скуры зьвяроў, воск, мёд, палатно. Стаялі яны па сёлах, у драўляных бажніцах на відочным месцы, або ў гаях. Спаўненьнем абрадаў займаліся прыстаўленыя на тое людзі — „жрацы“. Калі іх ня было, абрады спраўлялі старэйшыя ў вёсцы або ў сям‘і. Жрацы слылі вядунамі, намагаліся варажыць, лячыць зёлкамі ды малітвамі да багоў.

Складалі гэткія малітвы ды закляцьці і іншыя людзі: млынары — да вадзяніка, каб ня шкодзіў ім, стральцы — да лясуна. Перадаючыся з пакаленьня ў пакаленьне, дажылі тыя малітвы аж да нашых часоў; цяпер яны завуцца загаворамі. Таксама ўтрымаліся амаль што ня ўсе памянёныя тут сьвяты з іх сьпевамі ды ігрышчамі. Шмат ёсьць і іншых астаткаў веры і абрадаў той пары ў сучасным жыцьці. Аглядаючыся на гэтае, лягчэй можна пазнаць, як верылі нашы продкі.



  1. Каля сяла Пярэжыр (Ігуменскага пав., Менскай губ.) яшчэ нядаўна прыносілі афяры (палатно, кужаль, устужкі) двом каменям нязвычайнага выгляду.