Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том II.pdf/365

Гэта старонка не была вычытаная

зьвернуты ў нейкі поэтычны моноліт; а каб гэтая зьнітоўка была мацнейшай, каб пачатак вершу не расслаіўся на два зусім незалежных куплеты, — канец першага з іх і пачатак другога маюць адзінакавыя рыфмы. Стаячыя-ж далей ужо новыя рыфмы павінны зрабіць глыбокую трэшчыну паміж гэтым кавалкам і ўсім астатнім. Значыцца, сонэтная форма распадаецца на дзьве асобныя часьці, што вымагае і ад зьместу кожнай з іх як скончанасьці, так і незалежнасьці. Калі-ж бы ён перапляснуў за край ўласнай формы, прарваў яе гаць і ўліўся ў межы другога кавалку, — пекнасьць вершу была-б адразу папсавана; форма і зьмест яго зрабіліся-б чужымі, непрыстасаванымі, нязгоднымі, змагаючыміся між сабой, (увесь час шкодзілі-б адзін аднаму збудзіць у чытача пачуцьцё красы, і нават забівалі-б яго). Такім парадкам, пэўна напісаны сонэт, быццам арэх-спарыш, павінен хаваць пад адной скарлупой два асобныя, хоць і шчыльна сьціснутыя між сабою ядры. Углыбляючы сваё значэньне, гэтая будоўля вершу адціснула ўласную пячаць і на характары зьместу кожнай з дзьвёх яго часьцей. Павэдлуг гэтага ў першых васьмі строчках разьвіваецца тэма сонэту, а ў астатнім, — заключэньне да яе; ставіцца пытаньне і даецца адказ; малюецца абразок і выкладаецца паясьненьне да яго. А каб пабольшылася сьвежасьць вытваранага такім парадкам сонэту, трэба, каб ні адна нітка з яго тканіны, ні адна цэгліна з яго гмаху, ці прасьцей кажучы, ні адно слова з яго не ўжывалася болей разу. Толькі пасьля здаваленьня ўсіх гэтых вымог здолее зьявіцца тая высокая краса, пры каторай, як кажа клясычны верш Буало „un sonnet sans défaut vaut seul un long poème“ („пэўна напісаны сонэт варт цэлай поэмы“).

* 1911.