Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том II.pdf/37

Гэта старонка не была вычытаная

зьявілася жаданьне ўбачыць сваю радзіму і стаць непасрэдна блізка да жывой крыніцы свайго натхненьня, — да крыніцы, з якой ён чэрпаў покуль што толькі праз кнігі. Такое пахаджэньне яго паездкі на Беларусь улетку 1911 году адразу пасьля сканчэньня гімназіі. Аб гэтай паездцы гаворыць і А. Ю. у сваіх „Материалах“ і В. Ю. Ластоўскі ў „Успамінах аб М. Багдановічу“. Ластоўскі адносіць гэтую паездку не да 1911, а да 1912 году, але апісвае яе куды больш падрабязна за А. Ю-ча. Перад тым, як паехаць на радзіму, Максім А-ч сьпісаўся аб гэтым з рэдакцыяй „Нашай Нівы“: у лісьце сваім ён выказваў жаданьне прабыць на радзіме месяц-другі, каб бліжэй пазнаёміцца з моваю і бытам Беларусі. Ад рэдакцыі яму адказаў А. Луцкевіч, які прапанаваў яму прабыць лета ў свайго дзядзькі, дробнага шляхціча, які меў сядзібу паміж Вілейкаю і Менскам. Максім Б—ч прыехаў у Вільню ў чэрвені месяцы. Перад ад‘ездам у двор дзядзькі А. Луцкевіча ён прабыў дні два ў Вільні; начаваў у рэдакцыі „Нашай Нівы“ і абедзьве ночы да відна правёў у гутарцы з В. Ю. Ластоўскім, які тады быў у складзе гэтае рэдакцыі; тэмамі гутаркі былі этнографія і гісторыя Беларусі. У час гэтай пабыўкі ў Вільні Ластоўскі паказаў Максіму А-чу колекцыі Івана Луцкевіча, якія знаходзіліся тады пры рэдакцыі „Нашай Нівы“; сярод гэтых колекцый асабліва моцнае ўражаньне на юнака-поэту зрабілі старажытныя рукапісныя славянскія кнігі і іншыя помнікі, а таксама слуцкія паясы; адгэтуль, як відаць, вядзе свой пачатак поэтычны замысел вершу „Слуцкія ткачыхі“. У сядзібе дзядзькі А. Луцкевіча Максім Б. прабыў з месяц і вярнуўся назад зноў праз Вільню, дзе зноў паўтарыліся гутаркі з В. Ю. Ластоўскім на беларускія тэмы. Жывучы ў вёсцы, Максім А., паводле сьведчаньня Ластоўскага, напісаў некалькі вершаў, якія ўвайшлі ў цыкль, „Старая Беларусь“, цыкль вершаў пад агульным загалоўкам „Места“ і, апрача таго, вершы „У вёсцы“ і „Вэроніка“ (гл. т. I, разьдзел II, №№ 123—138, 183, 184). У гэтых творах адбілася ўвязка яго творчасьці з уражаньнямі ад беларусскай вёскі, ад Вільні, ад беларускай старасьветчыны і ад гутарак з Ластоўскім.