Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том II.pdf/39

Гэта старонка не была вычытаная

„на языке, которого он не слышит вокруг себя, а слышит в себе“. У студэнцкія гады ён яшчэ больш строга сачыў за сваёю моваю і яшчэ больш прыкладаў стараньняў да таго, каб уладаць ёю практычна. Пры усякай магчымасьці ён стараўся гаварыць пабеларуску, калі знаходзіў для гэтага чалавека, які ўладаў беларускаю моваю. З Ф. Імшэнікам, які ў гады студэнцтва яго быў выкладчыкам у Яраслаўлі, ён таксама гаварыў пабеларуску. У „Успамінах“ Імшэніка беларуская мова М. Багдановіча за студэнцкія яго гады характарызуецца наступнымі рысамі: „М. Б. ведаў яе (беларускую мову) ня зусім добра, ён прасіў мяне растлумачыць тыя ці іншыя выразы, прасіў папраўляць яго мову, якая блішчэла значным лікам русізмаў. Мова М. Б. была чудная; відно было, што ён вывучае яе тэорэтычна і іншае слова праізносіў так, як яно пісалася. Калі француз пачуў-бы, напр., імя „Paul“, так як яно пішацца, яму гэта было-б чудно і мала зразумела, так і я дзівіўся выразам М. Б. і цяпер успамінаю, што яму зусім не даваліся падвойныя літары „дз“, „дж“. Слова „адраджэньне“ вельмі чудно праізносіў М. Б. Але, нягледзячы на гэта, М. Б. ня траціў інтарэсу да беларускае мовы і прасіў мяне па некалькі разоў паўтараць трудныя для яго словы і выразы. Ён моцна ўслухіваўся ў самую гучнасьць слова, стараючыся спазнаць яго морфолёгію“. Але разам з тым Ф. Імшэнік адзначае ў ім тое „вялікае замілаваньне да Беларусі і беларускай мовы“, якое сам М. Б. тлумачыў яму атавізмам. Гэтая цяга да роднай мовы і ў той самы час адчужанасьць ад непасрэднай крыніцы роднай мовы прымушалі яго ў студэнцкія гады з асаблівай энэргіяй далей вучыцца гаварыць і пісаць пабеларуску, працаваць над складаньнем граматыкі беларускай мовы (Ф. Імшэнік, „Успаміны“), над падборам матар‘ялу для беларускага лемантара, над вывучэньнем беларускай гісторыі, этнографіі і літаратуры.

У гэтыя ж гады ў Максіма Багдановіча сфармаваўся канчаткова погляд на беларускую культуру, як на гістарычную зьяву, якая мае свае асаблівыя адзнакі і свае задачы. Н. Г. Агурцоў кажа, што з сваіх гутарак на гэтую тэму з М. Б-чам