Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том II.pdf/42

Гэта старонка не была вычытаная

інтэлігентных сем‘яў М. Б-чу найбольш былі блізкімі сем‘і Дзябольскіх і Крыцкіх. У сям‘і Дзябольскіх быў яго равесьнік і таварыш па гімназіі і ліцэі — Дыядор Дзябольскі; у сям‘і Крыцкіх таксама былі равесьнікі, дзеці Крыцкіх, і, апрача таго, Максім А—ч любіў гутарыць з старэйшым у сям‘і, П. А. Крыцкім, чалавекам вельмі адукаваным, вядомым пэдагогам і відным супрацоўнікам „Голоса“, рэдактарам „Русского Экскурсанта“. Сябраваў Максім А-ч таксама з братамі А. А. і Д. А. Залатаровымі. Асобнае невялікае кола знаёмых Максіма А-ча зьвязана было з яго журнальнаю працаю ў Яраслаўскім „Голосе“; з супрацоўнікаў „Голоса“ найбольш блізкімі да яго былі Н. Г. Агурцоў і А. Д. Цітоў. У студэнцкія гады Максім Адамавіч таксама падтрымліваў сяброўскую сувязь з В. В. Белавусавым, з якім уяго быў агульны інтарэс да антычнай і заходня-эўропейскай літаратур, і з А. К. Кабановым, які яшчэ ў гімназіі кіраваў яго заняткамі беларусазнаўствам; гэта відаць з лістоў гэтых асоб да М. Багдановіча, якія захаваліся і адносяцца да 1913-1914 гг.; у адным з лістоў А. К. Кабанова (1913 г.) даецца, між іншым, цэлы шэраг бібліографічных паказаньняў да гісторыі Беларусі.

Гаварыць аб якіх-небудзь пэўных уплывах гэтага сяброўскага кола на М. А—ча няма падставы, бо яго пераконаньні ў студэнцкія гады — паводле слоў бацькі — склаліся ўжо досыць устойліва, і да таго-ж, як асоба шырака начытаная і асьветленая, ён хутчэй мог уплываць на іншых, чым адчуваць чые-небудзь уплывы. Але з сяброўскага кола маглі ўсё-ж такі зыходзіць некаторыя настроі агульна-культурнага характару, а часам нават і паасобныя тэмы і мотывы, якія поэта мог выкарыстаць для сваіх вершаў. Так, у адным лісьце да М. Б-ча з Масквы ад 12-га кастрычніка 1911 году, які належыць, як відаць, Д. Д. Дзябольскаму, каторы тады толькі што паступіў у Маскоўскі Унівэрсытэт, мы знаходзім такія радкі: „Между прочим, вот вам тема, или вернее материал для темы научного стихотворения: метеор, который, оплавленный и светящийся, мчится в атмосфере, оставляя за собой вихрь распаленных частиц, внутри холо-