Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том II.pdf/44

Гэта старонка не была вычытаная

перадрэволюцыйныя 1915—1916 гады, зарысоўваюць, — вядома, у адрывачных рысах, — політычныя моманты і настроі гэтых гадоў, а частка лістоў, — ад беларускіх сяброў Максіма Б-ча, — больш-менш конкрэтна ўскрываюць стан беларускага руху за тыя ж гады; сюды, напрыклад, адносяцца лісты Ал. Бурбіса, часткова В. Ластоўскага і В. Лявіцкай. Такім чынам, для таго, хто вывучае творчасьць М. Багдановіча, важна адзначыць, як факт, што ён стаяў у курсе ня толькі настрояў уласьціва беларускіх, але і наогул політычных настрояў у тагочаснай Расіі напярэдадні рэволюцыі; дзеля гэтага дасьледчык мае права шукаць у тэматыцы яго вершаў і артыкулаў даволі шырокага адбіцьця яго эпохі.

Але калі нават прызнаць, што грамадзкія сувязі і інтарэсы Максіма А—ча ў студэнцкія гады былі выяўлены не даволі выразна, то літаратурныя знаёмствы і адносіны яго студэнцкіх гадоў трэба адзначыць, як вельмі жывыя і значныя па зьместу. Вялізарную ролю ў яго літаратурнай сьвядомасьці і разьвіцьці адыгралі, бязумоўна, беларускія пісьменьнікі нашаніўскае пары, якія амаль усе былі на адно пакаленьне старэйшыя за яго па ўзросту. Для высьвятленьня гэтай ролі мы маем пакуль што мала докумэнтальнага матар‘ялу, дзеля таго, што амаль няма ўспамінаў аб М. Багдановічу, якія вышлі-б з-пад пяра пісьменьнікаў — яго сучасьнікаў. Праўда, у перапісцы нябожчыка поэты захавалася некаторая колькасьць лістоў да яго Я. Купалы (2), Цёткі (1), С. Палуяна (8), В. Ю. Ластоўскага (20) і інш., але гэтыя лісты не асьвятляюць у належнай паўнаце цеснай увязкі поэты з блізкім яму літаратурным асяродзьдзем. Аднак, гэтая ўвязка бясспрэчна. Перш за ўсё трэба мець на ўвазе, што для Максіма Багдановіча, паводле слоў яго бацькі, „центром сердечного внимания была молодая возрождающаяся белорусская литература и поэзия“. „Он любовно следил — кажа А. Ю. — за всеми ее ростками и побегами. Всякие достижения в ней, выходящие из ряда обыкновенных, его бесконечно радова-