Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том II.pdf/46

Гэта старонка не была вычытаная

насьці 1910 г.“ і „За тры гады. Агляд беларускай краснай пісьменнасьці 1911—13 г.“, (т. II, № № 2, 6) і тым самым яшчэ больш цесна падыходзіў да творчасьці пісьменьнікаў-сучасьнікаў. Але не адны толькі фактычныя даныя атрымоваў ён з непасрэднага і завочнага дачыненьня да беларускіх пісьменьнікаў і наогул культурных працаўнікоў беларускага адраджэньня. Ён атрымоўваў таксама сяброўскае падтрыманьне і сваім шуканьням у галіне тэматыкі і мастацкай формы. У гэтых адносінах асабліва цікавыя лісты В. Ластоўскага і С. Палуяна, якія, разгадаўшы артыстычную натуру М. Багдановіча, ахоўвалі яго творчасьць ад вузкіх тэндэнцый, ад аднастайных і нудных настрояў і заахвочвалі яго да настойлівай і тонкай работы над мастацкаю тэхнікай, якая другім здавалася дэкадэнцтвам.

Умацоўваючы сваё знаёмства з пісьменьніцкім беларускім асяродзьдзем, М. А. разам з тым увесь час шукаў і сувязяй з рэдакцыямі і выдавецтвамі, дзе можна было-б надаць друкаваны выгляд сваёй уласнай літаратурнай продукцыі. Па вестках А. Ю-ча вершы яго сына ўпяршыню зьявіліся ў друку ў 1906 ці 1907 годзе (дакладна ён не памятае). Бясспрэчна М. А. ужо пісаў вершы ў 1906-7 гадох, але друкаваных вершаў яго за гэтыя гады мы ня ведаем. У 1907 г., запраўды, быў надрукаваны ў № 24 „Нашай Ніве“ адзін з яго твораў, але ня вершы, а аповесьць „Музыка“. З вершаў М. А—ча, перадрукаваных у першым томе збору яго твораў з розных пэрыодычных выданьняў, раней за іншыя зьявіўся ў друку верш „Над магілай“; ён быў надрукаваны ў № 1 „Нашай Нівы“ за 1909 г.; нумар памечан 1 (14) студзеня. 3 „Нашай Нівай“ М. А. моцна зьвязаўся, пачынаючы з 1909 г., і большасьць яго вершаў і аповесьцяй надрукаваны былі менавіта ў гэтым пэрыодычным выданьні. Больш падрабязна аб яго ўдзеле ў „Нашай Ніве“ гаворыць В. Ю. Ластоўскі ў сваіх „Успамінах“. М. А. пачаў тут сваё супрацоўніцтва ў цяжкі рэакцыйны час. „Год 1909 — кажа В. Ластоўскі — быў асабліва трудным у разьвіцьці беларускага адраджэньня. Рэволюцыйны ўздым 1905-1906 гг. астаўся недзе далёка па-за сінімі лясамі. Маладая беларуская сялянская