Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том II.pdf/53

Гэта старонка не была вычытаная

капісы — IХ, 1); але паводле слоў бацькі ён ня быў прызваны і вайсковай службы не адбываў. У Яраслаўлі ён пражыў да кастрычніка 1916-га году, аб чым ён сам гаворыць у сваёй заяве аб асабовых прыбытках, якая была падана ў участковае „присутствие по подоходному налогу“ (гл. рукапісы — IХ, 3).

У кастрычніку 1916-га г. М. А. паехаў у Менск, сказаўшы бацьку, што едзе на пэўнае месца. А. Ю. адпусьціў сына, хвароба якога ўсё больш і больш разьвівалася, з трывожным пачуцьцём, але ён ведаў, што М. Б. едзе працаваць на карысьць радзімы, якая была, паводле яго выразу, „центром его тяготения“, і дзеля гэтага ўтрымоўваць яго ня мог. Некаторыя даныя аб гэтым апошнім эпізодзе жыцьця М. А-ча мы чэрпаем ужо не з успамінаў бацькі, які, заняты ў гэты час вялікаю службоваю работаю, ня мог пільна сачыць за жыцьцём і дзейнасьцю сына, а з успамінаў тых блізкіх М. А-чу асоб, з якімі ён падтрымоўваў цесную сувязь у Менску. Я разумею А. А. Смоліча Зьм. Бядулю, ад якіх і атрыманы весткі, што падаюцца ніжэй.

Прыехаўшы ў Менск у канцы верасьня ці ў пачатку месяца, М. А. пасяліўся ў кватэры Зьмітрака Бядулі на Ўборках па Мала-Георгіеўскай (цяпер вул. Таўстога) вул., д. № 12, кв. 4. Асобнага пакою ў кватэры ў яго ня было; ён жыў у адным пакоі разам з поэтам Бядуляй. У гэтай кватэры ён пражыў бяз выезду да ад‘езду ў Ялту. Пасьля прыезду ў Менск ён адразу быў прыняты на службу ў „Губернский Продовольственный Комитет“ сакратаром Камітэту. На гэтае месца яго раіў старшыні комітету Р. Скірмунту А. Уласаў. Апрача службы, ён быў членам Беларускага Камітэту дапамогі ахвярам вайны і разам з іншымі членамі гэтага камітэту організоўваў гурткі моладзі, якім стараўся надаць грамадзка-асьветны і нацыянальна-рэволюцыйны характар; для гурткоў ён выпрацаваў програму; на сходах аднаго гуртка, якія адбываліся на Залатой Горцы, ён рабіў невялікія даклады і чытаў вершы. Жывучы ў Менску, ён падтрымліваў сувязь з беларускімі культурнымі дзеячамі і пісьменьнікамі, якія жылі тады ў Менску: добра ведаў А. Уласава, быў знаёмы з В. Лявіцкаю, з якою яшчэ раней вёў пера-