Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том II.pdf/57

Гэта старонка не была вычытаная

апошнія вершавыя накіды, напісаныя поэтам слабеючай рукою (гл. т. I., разьдзел I, №№ 87, 88, 89). Яны гавораць ня толькі аб тым, што ён разумеў набліжэньне сьмерці, але і аб тым, што, уміраючы, ён, як і раней, любіў жыцьцё ў яго нявянучым харастве. Апошняя яго прозаічная праца, за якою застала яго сьмерць, была праца над складаньнем беларускага лемантара. Нясупыннае служэньне радзіме ўваходзіла ў яго програму хараства жыцьця.

VII

З кароткага біографічнага нарысу, дадзенага ў папярэдніх разьдзелах (I-VI), можна ўстанавіць некалькі момантаў, што мелі значэньне крыніц творчасьці для М. Багдановіча. Першым момантам, што бязумоўна пераважае сярод іншых уплываў і матар‘ялаў, якія жывілі яго музу, трэба лічыць яго ўражаньні ад бацькаўшчыны і ўсяго таго, што так ці іначай было з ёю зьвязана. Называючы гэты момант першым і пераважным, я раблю гэта не для штучнае, надуманае схемы, у якой для М. Б-ча, як беларускага поэты, на першым пляне, як крыніца, абавязкова павінна стаяць Беларусь. Не, я выходжу з пэўных фактаў, якія я толькі-што ўстанавіў. У самай рэчы, беларускія ўражаньні і ўплывы праходзяць асноўнай рысай праз усё нядоўгае жыцьцё М. Багдановіча і праз усю яго творчасьць. Паміж іншым, увагу яго чытача мімавольна спыняе адна характэрная акалічнасьць: пераглядаючы том яго вершаў, толькі зрэдку можна сустрэць вершаваны радок ці невялікую вершаваную п‘еску, навеяную абставінамі і ўражаньнямі, якія топографічна і псыхолёгічна знаходзяцца вонках яго бацькаўшчыны і зьвязаных з ёю пытаньняў. Чаму гэта так? Чаму поэта, які пражыў сваё маленства і юнацтва ў Ніжнім-Ноўгарадзе і Яраслаўлі, не адбіў у сваіх вершах уражаньняў Паволжа, быту расійскіх губэрнскіх гарадоў, прыуральскага стэпу, дзе ён некалькі разоў летаваў, Крыму, дзе ён жыў і лячыўся, і г. д? Гэтага аніяк нельга вытлумачыць недахватам яго ўражлівасьці ці недахватам таго матар‘ялу з галіны прыроды і быту, якія ён назіраў вонках свае бацькаўшчыны. Гэта можна вытлу-