Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том II.pdf/58

Гэта старонка не была вычытаная

мачыць толькі тым, што ён усё сваё нядоўгае жыцьцё, у парадку свае ўнутраное, моральнае дысцыпліны, цалком аддаў бацькаўшчыне, што ён сам пасьвяціў сябе ў рыцары гэтай „даме“ свайго юнацкага роману, што ён, зьвязаны сваёю любасьцю да бацькаўшчыны і слугаваньнем ёй, мысьліў сябе нявольным аддаваць сваё натхненьне чаму-небудзь і каму-небудзь іншаму, апрача тэй — скажам словамі яго поэтычнай сымболікі — „мадонны“, якая была для яго „lumen coeli, sancta rosa“, і якой аднэй ён мог, як поэта, маліцца і слугаваць.

Адкуль ідуць гэтыя выключна трывалыя і, так сказаць, пэрманэнтныя ўражаньні і ўспаміны аб бацькаўшчыне і сувязі з ёй? Вядома, не з абстаноўкі жыцьця поэты ў Менску, адкуль ён выехаў з сям‘ёй у Горадню шасьці з невялікім месяцаў узросту. І нават ня з раньняга маленства ў Горадні таму, што, як было яму пяць год, ён ужо выехаў і з Горадні, і, значыцца, ня мог вынесьці з гэтае пары свайго жыцьця больш ці менш трывалых успамінаў аб прыродзе, быце і мове свае бацькаўшчыны. І поэтаў бацька, Адам Юравіч, і сам поэта спасылаюцца ў даным выпадку на атавізм, які даў, на іх погляд, аснову беларускім настроям поэты; але атавізм сам-па-сабе яшчэ нічога не высьвятляе, таму што з карэньня атавізму, як-бы яно ня было глыбокае, яшчэ не маглі-б узрасьці краскі творчасьці ўласна на беларускія тэмы, калі б сам атавізм не атрымоўваў бязупыннага жыўленьня і ў маленстве і ў юнацтве поэты. У гэтым жыўленьні і карэніцца прычына ўхілу творчасьці М. Багдановіча ў бок бацькаўшчыны і тэм, зьвязаных з ёю. Сюды, да крыніц, што жывілі гэты пераважна беларускі ўхіл творчасьці М. Багдановіча, належыць перш за ўсё ўплыў на поэту крэўных, дзе падтрымоўваліся беларускія традыцыі, гэтае, як выражаецца А. Ю., „беларускае колёніі ў далёкім краі пры сутоку Акі і Волгі“. Колёнія гэтая складалася з бацькі поэты і яго сваякоў — сем‘яў Гапановічаў і Галаванаў; у гэтай „беларускай колёніі“ поэта мог ужо ў маленстве часам чуць беларускую мову (з успамінаў А. Ю. ня відаць, аднак, у якой ступені ў гэтым сваяцкім асяродзьдзі карысталіся беларускаю