Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том II.pdf/59

Гэта старонка не была вычытаная

моваю), нярэдка чуў беларускія казкі, песьні, прыказкі і „крылатыя слоўцы“ з народнае мовы. Найбольшы ўплыў у гэтым асяродзьдзі мог мець на поэту яго бацька. Уласна ён пры дапамозе сваіх вусных гутарак на народна-поэтычныя тэмы і сваіх запісаў фольклёрнага матар‘ялу, атрыманых ім сваім парадкам ад свае бабкі (поэтавае прабабкі) Р. К. Асьмак, перадаў свайму сыну конкрэтную спадчыну ў выглядзе твораў народнае творчасьці, народна-поэтычных тэм і мотываў мітатворчага зьместу, народна-поэтычных вобразаў, сымболяў, параўнаньняў ды іншых спосабаў народна-поэтычнага стылю. У гэтым пункце перад дасьледчыкам беларускае літаратуры, у прыватнасьці дасьледчыкам уласна творчасьці М. Багдановіча, паўстае зусім конкрэтнае пытаньне аб генэтычнай сувязі шмат-якіх яго вершаў, — асабліва тых, што пабудованы на вобразах і малюнках з галіны народнае мітатворчасьці, — з матар‘ялам кнігі яго бацькі „Перажытки древнего миросозерцания у белоруссов“ (Гродно, 1895). Гэта — тэма для невялікіх, але докумэнтальных дасьледзін, якія павінны знайсьці свайго аўтара сярод пачынаючых гісторыкаў беларускае літаратуры. З тае прычыны, што апрача матар‘ялаў па народнай творчасьці, што меліся ў руках бацькі, М. А. яшчэ ў маленстве, пры першапачатковым сваім навучаньні, карыстаўся зборнікамі Шэйна і Раманава, дык перагляд гэтых зборнікаў пад кутом іхняга ўплыву, як крыніцы, на творчасьць М. А., быў-бы таксама ня лішнім і таксама мог-бы ўкласьціся ў конкрэтнае гістарычна-літаратурнае заданьне.

Паміма непасрэднага ўплыву крэўных („беларускае колёніі“) і хатняга чытаньня зборнікаў беларускае народнае поэзіі, конкрэтнай крыніцай для беларускіх тэм у творчасьці М. Багдановіча трэба лічыць яго пабыўку на бацькаўшчыне ў 1911 годзе. Ён пабыў два разы ў Вільні, прабавіўшыся там увогуле некалькі дзён, і пражыў каля месяцу ў сялібе аднаго з сваякоў А. Луцкевіча, якая знаходзілася недзе паміж Вялейкаю і Менскам. Непасрэдныя ўражаньні ад прыроды і быту бацкаўшчыны, непасрэдныя сустрэчы з землякамі, — пісьменьнікамі і грамадзкімі дзеячамі, якія стаялі тады ў