Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том II.pdf/60

Гэта старонка не была вычытаная

шэрагах беларускага руху, нават непасрэдны агляд некаторых памятак беларускае старасьветчыны (рукапісныя славянскія кнігі, слуцкія паясы і да т. п.) — усё гэта ўзбагаціла яго сьвежымі настроямі і думамі на беларускія тэмы, узьняло яго бадзёрасьць і веру ў свае сілы. Недарма поэта ў 1910 годзе, калі ён толькі яшчэ лятуцеў аб пабыўцы на бацькаўшчыне, у адным вершы параўноўвае сябе з Антэем, які даткнуўся да грудзей роднае зямлі і чэрпае ў яе новую моц для жыцьцёвага змаганьня:

Паломаны жыцьцём, чакаючы магілы,
Радзімая зямля, прынікнуў я к табе,
І бодрасьць ты ўліла ў слабеючыя жылы,
Зварушыла маёй душы драмаўшай сілы,
І месца ў ёй з тых пор няма ўжо больш жальбе.

Гэты верш („Калі зваліў дужы Гэракл у пыл Антэя“ — т. I, разьдз. II, № 153), з якога я бяру другую строфу, як-бы папераджаў захапленьне поэты ад тых ураджаньняў, шт пасьля ён вынес з паездкі ў 1911 годзе. Запраўды, тое, што напісана ім пад простым уплывам гэтае паездкі, г. зн., прыкладам, вершы „У вёсцы“, „Вероніка“, шэраг вершаў, прысьвечаных уражаньням ад гарадзкога жыцьця Вільні і згрупованых пад цыклем „Места“ (пар. аддз. II, №№ 131 і 132), урэшце, некалькі вершаў, што склалі цыкль „Старая Беларусь“ (разьдз. II, №№ 123, 124, 125, 126, 127) — усё адзначаецца нязвычайнай сьвежасьцю фарбаў, конкрэтнасьцю і жыцьцёвасьцю зьместу. У той час як больш раньнія яго вершы на беларускія тэмы даюць замалёўку беларускае прыроды, бытавога жыцьця і псыхікі па ўстаноўленым яшчэ перад ім у беларускай поэзіі шаблёну смутлівага народніцтва, вершы, напісаныя пад уплывам уражаньняў лета 1911 г., даюць бадзёрае і радаснае ўспрыманьне бацькаўшчыны, у якой поэта знаходзіць яскравыя фарбы і сьветлыя блікі. Да гэтай групы вершаў, больш бадзёрых у тоне і больш жыцьцёвых у тэме, трэба, мне здаецца, аднесьці таксама некаторыя вершы, што не ўвайшлі ў свой час у „Вянок“ і былі надрукованы на старонках „Нашае Нівы“; гэта,